Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/24/ru_1011642_1011643/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 04:33
24.07.2019 18:45 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка падпісаў закон аб адтэрміноўках

Мінск, 24 ліпеня. Аляксандр Лукашэнка 24 ліпеня падпісаў закон "Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы"

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, дакумент прыняты ў мэтах "падтрымання пастаяннай баявой гатоўнасці Узброеных сіл ва ўмовах актывізацыі ваеннай дзейнасці ў свеце і Еўропе". Чакаецца, што ён дапаможа вырашыць праблему папаўнення УС на фоне істотнага змяншэння колькасці маладых людзей прызыўнога ўзросту, а таксама ў святле таго, што ў Беларусі існуе 76 катэгорый грамадзян, якіх не прызываюць на тэрміновую службу і службу ў рэзерве. Пры гэтым закон захоўвае ўсе адтэрміноўкі ад прызыву "па стане здароўя, сямейным становішчы і іншыя, якія даваліся раней".

"Змены закранулі даванне адтэрміновак для працягу адукацыі: уводзіцца прынцып аднаразовасці давання адтэрміноўкі, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. — Таксама закон абмяжоўвае прыняцце на дзяржаўную службу, службу ў органах сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі грамадзян, якія не прайшлі вайсковую службу, не маючы на тое законных падстаў (якія ўхіліліся ад прызыву)".

Як падкрэслівае прэс-служба, усе адтэрміноўкі для працягу адукацыі, дадзеныя да ўваходжання ў сілу закона, "будуць захоўвацца да страты падстаў, па якіх яны дадзены".

"Законам унесена змяненне ў Кодэкс аб адукацыі. Цяпер выпускнікі, якія атрымалі месца працы па размеркаванні або накіраваныя на працу ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста, пры добраахвотным паступленнi на ваенную службу па кантракце, праслужыўшы не менш за тэрмін абавязковай працы, вызваляюцца ад вяртання ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, затрачаных дзяржавай на іх падрыхтоўку", — адзначае прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Таксама паведамляецца, што Лукашэнка даручыў ураду "прапрацаваць комплекс мер, накіраваных на павышэнне прэстыжу тэрміновай ваеннай службы".

Закон набудзе моц праз дзесяць дзён пасля афіцыйнага апублікавання.

Як паведамлялася, 28 чэрвеня Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект "Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы". Раніцай таго ж дня Палата прадстаўнікоў прыняла яго ў другім чытанні. За прыняцце дакумента прагаласавала 85 дэпутатаў, супраць — 9. Перад галасаваннем дэпутат Ганна Канапацкая звярнула ўвагу калег на тое, што законапраект, нават будучы прынятым у першым чытанні, выклікаў "розныя інтэрпрэтацыі норм і досыць негатыўную рэакцыю ў грамадстве". "Літаральна за суткі ў інтэрнэце супраць яго было сабрана 10 тысяч подпісаў. Я заклікаю вас прыняць узважанае рашэнне па гэтым законапраекце", — сказала яна.

Дакумент прадугледжвае даванне адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую ваенную службу для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама аднаразовай адтэрміноўкі для атрымання першай адукацыі, якая дазваляе атрымаць спецыяльнасць або прафесію. Такім чынам, згодна з законапраектам, выпускнікі навучальных устаноў прафесійна-тэхнічнага характару да навучання ў ВНУ і выпускнікі ВНУ — бакалаўры да навучання ў магістратуры або аспірантуры павінны будуць адслужыць у арміі.

22 ліпеня Лукашэнка падпісаў указ аб восеньскім прызыве. Прызыўная кампанія, якая стартавала з гэтага моманту, будзе праводзіцца па старых правілах да афіцыйнага ўваходжання згаданага закона ў сілу.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239