Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/25/eu_1011762_1011763/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 04:53
25.07.2019 18:15 Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

A1 Telekom Austria Group: Калі ўлады Беларусі зробяць выбар на карысць рынку з рэальнай моцнай канкурэнцыяй замест манаполіі, гэта прынясе інвестыцыі ў краіну

Вена, 25 ліпеня. Кампанія A1 Telekom Austria Group гатовая да буйных інвестыцый у Беларусь, звязаных з развіццём тэхналогіі 5G. Пра гэта заявіў галоўны фінансавы дырэктар A1 Telekom Austria Group Зігфрыд Майрхофер 25 ліпеня ў Вене на сустрэчы з групай журналістаў з Беларусі.

Асноўнай умовай для такіх інвестыцый галоўны фінансавы спецыяліст кампаніі назваў магчымасць атрымаць "сур`ёзную долю частотнага спектра 5G" у выпадку яго размеркавання ў Беларусі.

"Значная частка нашых інвестыцыйных планаў на найбліжэйшыя гады залежыць ад размеркавання частот тэлекамунікацыйнага стандарту 5G. Мы гатовыя да сур`ёзных інвестыцый у развіццё тэхналогіі 5G у Беларусі, грунтуючыся на ноу-хау нашай кампаніі, якія ўжо апрабаваныя ў Аўстрыі", — заявіў Майрхофер.

5G (скарачэнне ад англійскага fifth generation) — пятае пакаленне тэхналогій мабільнай сувязі, больш дасканалае ў параўнанні з тэхналогіяй 4G, якая шырока выкарыстоўваецца цяпер.

A1 Telekom Austria Group кіруе тэлекамунікацыйнымі кампаніямі ў сямі краінах Еўропы. У Беларусі яна валодае кампаніяй velcom | A1. Паводле дадзеных, якія агучыў Зігфрыд Майрхофер, velcom | A1 займае другое месца на рынку канвергентных тэлекамунікацыйных паслуг у Беларусі. На 30 чэрвеня 2019 года колькасць яе мабільных падпісчыкаў дасягнула 4 млн 869 млн. Агульны прыбытак кампаніі па выніках першай паловы 2019 года склаў у пераліку 199 млн еўра, што на 6,7% больш, чым за аналагічны перыяд 2018 года.

Пры гэтым Майрхофер адзначыў, што "Беларусь мае самую дрэнную сетку 4G у Еўропе па ўсіх аспектах яе працы". У якасці галоўнай прычыны такой сітуацыі прадстаўнік A1 Telekom Austria Group назваў манаполію на прадастаўленне тэхналогіі 4G у краіне.

"Мы верым у тое, што, калі паміж аператарамі існуе рэальная канкурэнцыя, кожная кампанія імкнецца працаваць як мага лепш. Усё залежыць ад рашэння ўладаў Беларусі. Калі яны зробяць выбар на карысць рынку з рэальнай моцнай канкурэнцыяй замест манаполіі, гэта прынясе інвестыцыі ў краіну", — сказаў Майрхофер.

Як было адзначана на сустрэчы, Беларусь і Руанда застаюцца адзінымі ў свеце краінамі, у якіх існуе манаполія на прадастаўленне паслуг 4G. У Беларусі пастаўшчыком гэтай паслугі з`яўляецца кампанія beСloud.

"Мы гатовыя сур`ёзна інвеставаць у 5G у Беларусі, калі атрымаем долю гэтага частотнага спектра. Гэтая тэхналогія дазволіць не проста зрабіць інтэрнэт у Беларусі больш хуткім — яна дазволіць прапанаваць прынцыпова новыя рашэнні для бізнесу, заснаваныя на тэхналогіі нарэзкі лічбавых рэсурсаў ці прадастаўленні выдзеленых каналаў мабільнай сувязі для розных прадпрыемстваў", — заявіў прадстаўнік кампаніі.

Андрэй Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН