Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/26/eu_1011834_258741/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:51
26.07.2019 13:13 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Лукашэнка: Беларусь не стане разрываць адносіны з брацкай Расіяй

Мінск, 26 ліпеня. Беларусь ніколі і ні за якія грошы не стане разрываць адносіны з брацкай Расіяй, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам 26 ліпеня ў Мінску.

"Мы хочам добрых стасункаў з Заходняй Еўропай, з Еўропай наогул, Еўрасаюзам, ЗША, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Я як чалавек, які ў палітыцы нямала гадоў, разумею гэта і разумею, што значыць ЕС і Амерыка, але мы ніколі і ні за якія грошы не станем рваць нашы адносіны з брацкай Расіяй. Гэта наша Расія, гэта нашы людзі, якія нас паважаюць, і дзе рэйтынг прэзідэнта Беларусі ў шматнацыянальнай Расіі — за 60%. Чаму мы павінны коса глядзець на гэтую краіну, якая ў цяжкую хвіліну заўсёды нам падстаўляла плячо?"

Пры гэтым, адзначыў Лукашэнка, не значыць, што Беларусь можа адмаўляцца ад Захаду, Усходу, Кітайскай Народнай Рэспублікі. "Гэтага ніколі не будзе, ды вы гэта і бачыце. Я вам кажу гэта публічна і адкрыта. Хачу, каб вы разумелі нашу палітыку, — сказаў ён. — Хачу, каб вы засвоілі і не слухалі розныя разважанні, што мы туды-сюды, ад некага залежныя. Свет узаемазалежны: вы ад некага залежыце, мы ад некага залежым, ад нас нехта залежыць, так магу сказаць пра Латвію, Літву, Эстонію. Мы невялікія дзяржавы, хоць маленькіх дзяржаў не бывае, таму што ўсе народы роўныя, і малалікія, і шматлікія. Мы з таго таксама зыходзім. Не можа пераважаць дзяржава па плошчы або насельніцтву велізарная над кімсьці, я гэта наогул не ўспрымаю".

Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым сутнасць незалежнасці Беларусі. "За гэта выступаюць заўсёды і балтыйскія дзяржавы, у тым ліку Латвія. Можаце быць упэўненыя, што вы маеце адносіны з суверэннай незалежнай дзяржавай. Так, думаю, будзе заўсёды, па меншай меры, пакуль я прэзідэнт, гэта дакладна", — заявіў ён.

Афіцыйны лідар адзначыў, што ўдзячны за запрашэнне наведаць Латвію і абавязкова наведае гэтую краіну. Галоўнае, паводле яго слоў, каб быў добры вынік ад такой паездкі і для гэтага патрэбная добрая прапрацоўка пытанняў двухбаковага парадку дня. Ён перадаў "самыя добрыя пажаданні кіраўніцтву і народу Латвіі", а таксама заявіў, што ў Беларусі заўсёды рады бачыць прадстаўнікоў гэтай краіны, паведамляе прэс-служба.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН