Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/27/ru_1011949_123/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 12:45
27.07.2019 16:30 Палітыка

Вадзім Саранчукоў стаў лаўрэатам памятнага знака імя Віктара Івашкевіча

Мінск, 27 ліпеня. Лідар гродзенскай арганізацыі Партыі БНФ, намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў узнагароджаны памятным знакам імя Віктара Івашкевіча (1959—2013).

Знак заснаваны Партыяй БНФ і ўручаецца штогод 27 ліпеня, у гадавіну прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, за арганізацыю найбольш значных масавых акцый. Саранчукоў узнагароджаны за арганізацыю ў Гродне 23 сакавіка святкавання 101-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

"Я рады, што гэтая акцыя аб'яднала і гродзенцаў, і мінчукоў, прадстаўнікоў розных палітычных партый і грамадскіх рухаў, — заявіў, уручаючы знак, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, словы якога прыводзіць партыйная прэс-служба. — Мне асабліва прыемна, што "маторам" гэтага руху стаў наш, фронтаўскі чалавек, які прадэманстраваў сапраўдныя лідарскія якасці, і здольнасць да будаўніцтва мясцовых кааліцыяў".

Уладальнік узнагароды вызначаны ў шосты раз. Год таму знакам быў узнагароджаны заснавальнік культурнай пляцоўкі "Арт Сядзіба" і крамы symbal.by Павел Белавус, да гэтага — ветэран нацыянальнага руху Ніна Багінская, лідар грамадскай арганізацыі "Альтэрнатыва" (у Беларусі не зарэгістраваная) Алег Корбан, кінарэжысёр і грамадскі дзеяч Вольга Нікалайчык і Зміцер Дашкевіч.

Памятны знак быў заснаваны Партыяй БНФ у студзені 2014 года ў памяць пра вядомага апазіцыйнага палітыка Віктара Івашкевіча, які памёр на 55-м годзе жыцця ў кастрычніку 2013 года пасля цяжкай і працяглай хваробы. Знакам узнагароджваюць асоб, групы асоб ці арганізацыі, якія былі ініцыятарамі або арганізатарамі найбольш значных масавых акцый, у тым ліку мітынгаў, дэманстрацый, пікетаў, шэсцяў, аўта- або велапрабегаў.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239