Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/29/ru_1011985_1011986/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:52
29.07.2019 10:44 Эканоміка

Нацбанк хоча замацаваць сваю незалежнасць у Банкаўскім кодэксе

Мінск, 29 ліпеня. Для пераходу на рэжым таргетавання інфляцыі і забеспячэння цэнавай стабільнасці неабходна ўзмацніць аперацыйную і інстытуцыйную незалежнасць Нацбанка. Такая выснова ўтрымліваецца ў дакладзе намесніка старшыні Нацбанка Дзмітрыя Калечыца, апублікаваным на сайце рэгулятара.

Выступаючы на майскай канферэнцыі, ён адзначыў, што з 2015 года Нацбанк прытрымліваецца рэжыму манетарнага таргетавання, які дазволіў за кошт рэгулявання колькасці грошай у абарачэнні запаволіць інфляцыю. У будучыні плануецца перайсці на рэжым таргетавання інфляцыі, падкрэсліў Калечыц.

Новы рэжым дзякуючы працэнтнай палітыцы дазволіць утрымліваць інфляцыю на таргетаваным нізкім узроўні. "Змяняючы манетарныя ўмовы ў адказ на новую інфармацыю, цэнтральны банк уздзейнічае на чаканую інфляцыю і прыводзіць яе з часам да таргетаванага ўзроўню", — растлумачыў Калечыц сутнасць рэжыму таргетавання інфляцыі.

Для пераходу на гэты рэжым, адзначыў ён, неабходна вырашыць шэраг задач. "Першая задача — дасягнуць пэўнага кансэнсусу ў разуменні таго, што нізкая інфляцыя — прыярытэт дзяржаўнай палітыкі і неабходная ўмова для ўстойлівага эканамічнага росту", — сказаў прадстаўнік Нацбанка.

Паводле яго слоў, вырашэнне гэтай задачы мае на ўвазе ўнясенне асобных змяненняў у Банкаўскі кодэкс. У прыватнасці, патрабуецца "замацаванне інстытуцыйнай і аперацыйнай незалежнасці Нацыянальнага банка і павышэнне адказнасці праўлення Нацыянальнага банка за невыкананне ўстаноўленага паказчыка па інфляцыі", адзначыў Калечыц.

"Другая задача — павысіць транспарэнтнасць цэнтральнага банка. Большая адкрытасць Нацыянальнага банка неабходная для павышэння даверу сярод усіх эканамічных агентаў", — падкрэсліў ён.

Нарэшце, трэцяя задача, якую, паводле слоў прадстаўніка Нацбанка, трэба вырашыць для пераходу на рэжым таргетавання інфляцыі — аднавіць работу працэнтнага канала трансмісійнага механізму грашова-крэдытнай палітыкі і ўдасканаліць сістэму рэфінансавання. "У частцы ўзмацнення эфектыўнасці працэнтнага канала праводзіцца паслядоўная праца па памяншэнні аб'ёмаў дырэктыўнага крэдытавання, зніжэнні ўзроўню валютызацыі эканомікі. У тым ліку мы вядзем актыўную работу па павышэнні эфектыўнасці працы валютнага рынку і аперацый па кіраванні ліквіднасцю", — паведаміў Калечыц.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН