Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/29/ru_1012014_1012015/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 05:03
29.07.2019 13:43 Палітыка

Лукашэнка "пераканаўча просіць" арганізаваць выбары на "годным узроўні" і забяспечыць рост зарплаты ў рэгіёнах

Мінск, 29 ліпеня. "Я вас пераканаўча прашу: арганізаваць трэба на годным узроўні", — заявіў Аляксандр Лукашэнка, узгадняючы 29 ліпеня прызначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў.

"Партыйных органаў у нас няма, КПСС няма, гэта значыць асобна палітыкай займацца няма каму. Усё засяроджана ў вашых руках на месцы. Гэта, напэўна, збольшага і добра, але недзе ствараюцца і праблемы", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што насельніцтва крытыкуе ўладу, але ў цэлым яе падтрымлівае. "Людзі нас разумеюць, падтрымліваюць цяперашнюю ўладу. Не без крытыкі, хапае крытыкі. Гэта добра і правільна. Таму трэба размаўляць з людзьмі, ні ў якім разе не павінна быць ніякага націску. Пастаўцеся па-чалавечы да людзей. Натуральна, гэта экзамен, да яго трэба рыхтавацца. Паглядзіце, можа, дзе-небудзь нешта трэба падчысціць, падняць, не толькі ў аграгарадках і раённых цэнтрах — тут мы больш-менш парадак навялі і працоўныя месцы стварылі", — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама запатрабаваў ад мясцовых органаў улады забяспечыць рост заработнай платы ў рэгіёнах. "Паглядзіце на выплату заработнай платы. Паспрабуйце зрабіць усё, каб гэтая заработная плата была калі не годнай (усюды гэта не зробіш), то цярпімай, каб людзі разумелі, што сёння ў іх такая зарплата, заўтра пры пэўных умовах яна павінна быць вышэйшай. Абавязкова гэты прырост павінен быць. Але не дзеля таго, што ў нас выбары. Людзі вельмі дрэнна ўспрымаюць, калі гэта робіш з нейкай палітычнай нагоды. Гэтага рабіць нельга", — падкрэсліў Лукашэнка.

Як паведамлялася раней, сёння кіраўнік дзяржавы прызначыў новых старшынь Гомельскага аблвыканкама, а таксама Глыбоцкага, Шумілінскага, Жыткавіцкага, Кармянскага, Валожынскага, Любанскага, Капыльскага, Горацкага, Кіраўскага, Круглянскага, Асіповіцкага і Слаўгарадскага райвыканкамаў.

Ян Аўсеюшкін, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239