Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/30/ru_1012090_258996/
Дата раздрукоўкі: 25.11.2020 14:35
30.07.2019 11:10 Грамадства, Эканоміка

Генпракуратура апратэставала апраўдальны прысуд галоўнаму інжынеру МЗКЦ

Мінск, 30 ліпеня. Генеральная пракуратура 29 ліпеня падала пратэст на апраўдальны прыгавор суда Першамайскага раёна Мінска ў дачыненні да галоўнага інжынера ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў" Андрэя Галавача, паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік ведамства Дзмітрый Брылёў.

19 ліпеня суддзя суда Першамайскага раёна сталіцы Святлана Чараповіч цалкам апраўдала Андрэя Галавача, ён выйшаў на волю пасля 50 месяцаў утрымання пад вартай.

"Намеснік генеральнага пракурора ўчора прынёс апеляцыйны пратэст у судовую калегію па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда, дзе паставіў пытанне аб адмене апраўдальнага прысуду і накіраванні справы на новы разгляд у сувязі з неадпаведнасцю высноў суда фактычным абставінам справы", — сказаў Брылёў.

Андрэй Галавач быў затрыманы вясной 2015 года разам з некалькімі супрацоўнікамі прадпрыемства. Яго абвінавацілі ў атрыманні хабару больш як на 180 тыс. дэнамінаваных рублёў. Суд у лютым 2018 года апраўдаў Галавача, але адразу пасля вынясення рашэння аб апраўданні яго затрымалі ў зале суда паводле падазрэння ў атрыманні хабару на 192 тыс. долараў і 35 тыс. еўра. Згодна з версіяй следства, гэтыя падзеі адбываліся ў 2008—2015 гадах. Абвінавачанне Галавачу выставілі на падставе чч. 2, 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса.

Пракурор прасіў суд пакараць топ-менеджара дзевяццю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць пасады кіраўнікоў на пяць гадоў, канфіскацыяй усёй маёмасці і штрафам у тысячу базавых велічынь (25,5 тыс. рублёў).

Абарона прасіла суд апраўдаць Галавача з-за недаказанасці віны. Адвакаты звярнулі ўвагу на тое, што ні адзін з чатырох ключавых сведак не з`явіўся на судовае пасяджэнне. Былі зачытаныя паказанні, дадзеныя сведкамі падчас папярэдняга следства яшчэ ў 2016—2017 гадах, пры расследаванні папярэдняй крымінальнай справы ў дачыненні да Галавача, па якой ён быў апраўданы. Пры гэтым некаторых сведак апытвалі дыстанцыйна, з накіраваннем у СК лістоў са сведчаннямі.

Галавач катэгарычна адмаўляў сваю віну. Выступаючы ў судзе з апошнім словам 16 ліпеня, ён падкрэсліў, што следства першапачаткова мела абвінаваўчы ўхіл і не ўлічвала ўсе абставіны правядзення працэдур закупкі станкоў і абсталявання. Падсудны адзначыў, што знаходзіцца ў СІЗА ўжо больш за 50 месяцаў. "Я веру, што высокі суд прыме справядлівае рашэнне, і ўвесь гэты кашмар скончыцца", — заявіў ён.

19 ліпеня, выйшаўшы на волю з залы суда, Андрэй Галавач сказаў журналістам: "Зараз можна верыць, што ёсць правасуддзе".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239