Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/30/ru_1012115_589023/
Дата раздрукоўкі: 26.08.2019 05:33
30.07.2019 13:03 Палітыка, Грамадства

Беларусь не мае намеру, "каб некаму дагадзіць", запрашаць канкрэтных назіральнікаў на выбары 2019—2020 гадоў, але і не будзе забараняць ім уезд у краіну, заявіў Лукашэнка

Мінск, 30 ліпеня. Беларусь не мае намеру, "каб некаму дагадзіць", запрашаць канкрэтных міжнародных назіральнікаў на выбарчыя кампаніі 2019—2020 гадоў, але і не будзе забараняць ім уезд у краіну, заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 ліпеня на сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай.

"Я не думаю, што нам трэба перад кімсьці прагінацца і кагосьці цягнуць у краіну, запрашаць на адны і другія выбары, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Але трэба дакладна даць сігнал: хто хоча — прыязджайце. Калі камусьці патрэбны афіцыйны статус, мы яго запросім. Не варта бегчы наперадзе воза і прасіць: "прыязджайце да нас на выбары, паглядзіце на нашы выбары". Але нікому ўезд забараняць не будзем. Хочаш паглядзець на Беларусь, выбарчы працэс — прыязджай і глядзі. Пастулат адзін: нікому не забараняем".

Лукашэнка лічыць важным стварыць на час выбараў інфармацыйны цэнтр, каб члены ЦВК маглі аператыўна паведамляць насельніцтву і журналістам пра ход выбарчай кампаніі. "Я думаю, Лідзія Міхайлаўна, як звычайна, вам трэба гэты працэс узначаліць. Не толькі ў дзень выбараў, але, магчыма, і напярэдадні. Трэба вызначыць адпаведны фармат. Думаю, трэба задзейнічаць усіх членаў камісіі, каб яны ўдзельнічалі ў гэтым і інфармавалі насельніцтва пра ход выбараў, падрыхтоўку да выбараў", — заявіў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён не хоча, каб "нават так званая апазіцыя шукала нейкую падаплёку" ў яго словах аб "адкрытасці, сумленнасці правядзення выбараў". "Я тут не хлушу і не збіраюся кагосьці адводзіць у бок. Нам сёння няма неабходнасці (на імідж трэба працаваць заўсёды) ужо занадта падскокваць і сябе паказваць. Хто нас не ведае? Ведаюць і мяне, і ўладу, і парламент. Таму трэба роўна і акуратна падысці да выбараў, правесці іх годна", — падкрэсліў Лукашэнка.

Падчас сустрэчы з Ярмошынай таксама абмяркоўвалася фінансаванне будучай выбарчай кампаніі. "Я заўсёды вам казаў пра тое, што лішніх грошай няма, і нам нельга расходаваць лішнія грошы, бо мы выклічам агіду ў людзей. У нас людзі, дзякуй Богу, свядомыя, мы іх нічым папракнуць не можам. Тым не менш там будуць задзейнічаныя найлепшыя спецыялісты: настаўнікі, лекары — гэта наша інтэлігенцыя. Яны будуць адцягнутыя на працу, зарплату ім, вядома, у гэтыя месяцы плаціць трэба. І не шкада гэтым людзям. Таму, не марнуючы сродкі, мы павінны вызначыцца з вамі па фінансаванні выбараў. У бюджэце такія грошы прысутнічаюць", — сказаў Лукашэнка.

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць у 2019 годзе. Лукашэнка даручыў да 5 жніўня падаць яму праекты ўказаў аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі на 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў — на 17 лістапада.

Прэзідэнцкія выбары запланаваныя на 2020 год.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН