Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/30/ru_1012148_123/
Дата раздрукоўкі: 07.06.2020 13:04
30.07.2019 15:45 Грамадства

Да пакарання смерцю прыгавораны жыхар Віцебскага раёна, абвінавачаны ў забойстве дзвюх пенсіянерак

Мінск, 30 ліпеня. Жыхар Віцебскага раёна Віктар Паўлаў прызнаны вінаватым у забойстве дзвюх пенсіянерак у вёсцы Прысушына (ч. 2 арт. 139 КК) і прыгавораны да смяротнага пакарання. Такое рашэнне 30 ліпеня прыняў Віцебскі абласны суд.

Інфармацыю пра прысуд размясціў праваабарончы сайт spring96.org. Такім чынам, суд падтрымаў меру пакарання, якую пракурор Віталь Сузанскі запытваў для Паўлава на папярэднім пасяджэнні 29 ліпеня. Паводле яго слоў, мужчына раней учыніў забойства, што з'яўляецца абцяжвальнай акалічнасцю. Сузанскі кваліфікаваў дзеянні Паўлава як "асабліва небяспечны рэцыдыў злачынства".

Папярэдняе следства інкрымінавала яму таксама разбой (ч. 3 арт. 207 КК), аднак пракурор адхіліў матыў забойства і прапанаваў перакваліфікаваць дзеянні абвінавачанага на ч. 2 арт. 205 КК (крадзеж).

Адвакат пераконвала судовую калегію, што забойства здарылася з-за спрэчкі і было справакаванае адной з жанчын, якая быццам бы абражала Паўлава, бо мела прэтэнзіі да якасці пабудаванай ім гаспадарчай пабудовы.

У апошнім слове Паўлаў "выказаў шкадаванне і раскаянне ў зробленым" і папрасіў не ўжываць у дачыненні да яго вышэйшую меру.

Раней Следчы камітэт паведаміў, што 3 студзеня 2019 года па месцы жыхарства былі знойдзеныя целы родных сясцёр, 78-гадовай і 76-гадовай, з цялеснымі пашкоджаннямі. У выніку абыходу і апытання мясцовага насельніцтва, а таксама адпрацоўкі асобаў, якія ўяўлялі аператыўны інтарэс, супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі падазраванага ва ўчыненні злачынства. Па месцы жыхарства ў сумежнай вёсцы быў затрыманы мужчына 1969 года нараджэння. Падчас расследавання было ўстаноўлена, што ён перыядычна дапамагаў жанчынам па гаспадарцы і ведаў, дзе могуць захоўвацца іх грошы. Паводле версіі следства, днём 30 снежня 2018 года "з мэтай учынення разбойнага нападу і забойства" ён пранік у дом, дзе жылі пенсіянеркі, напаў на іх, стаў наносіць множныя ўдары драўлянай палкай. У выніку пацярпелыя памерлі на месцы здарэння. "Пасля гэтага абвінавачваны завалодаў маёмасцю і грашовымі сродкамі пенсіянерак на агульную суму не менш як 179 рублёў, а затым уцёк", — гаварылася ў паведамленні СК.

Паўлаў стаў другім чалавекам, каму вынеслі смяротны прысуд з пачатку 2019 года. 9 студзеня Магілёўскі абласны суд прыгаварыў да смерці жыхара Бабруйска Аляксандра Асіповіча, прызнанага вінаватым у падвойным забойстве пры абцяжвальных абставінах.

Паводле звестак праваабаронцаў, сёлета ў Беларусі быў прыведзены ў выкананне як мінімум адзін смяротны прысуд. 13 чэрвеня ім стала вядома пра расстрэл Аляксандра Жыльнікава, якога разам з Вячаславам Сухаркам прызналі вінаватым па справе аб забойстве трох чалавек у Мінску і Калодзішчах. Пра лёс Сухаркі праваабаронцам дакладна не вядома, аднак яны схіляюцца да таго, што прысуд у дачыненні да яго таксама можа быць ужо выкананы.

18 ліпеня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім накіравала на разгляд у Міністэрства юстыцыі і МУС законапраект "Аб прыпыненні выканання пакарання ў выглядзе смяротнай кары".

Дакумент змяшчае ўсяго два артыкулы. У адным з іх гаворыцца пра прыпыненне дзеяння арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса аб выкананні смяротных прысудаў да моманту, пакуль гэтая мера пакарання не будзе цалкам скасаваная. Іншы артыкул законапраекта прадугледжвае накіраванне асобаў, у дачыненні да якіх ужо вынесены смяротны прысуд, у папраўчыя калоніі, дзе іх павінны ўтрымліваць у тых жа ўмовах, што і асуджаных да пажыццёвага зняволення.

Парламентарый мае намер дачакацца адказаў са згаданых органаў, прааналізаваць іх і пасля магчымых карэкціровак ўнесці законапраект у Палату прадстаўнікоў з прапановай разгледзець яго на восеньскай сесіі.

Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць ужываць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239