Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/31/ru_1012285_123/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 04:12
31.07.2019 18:14 Эканоміка

Нацбанк чакае замаруджвання росту цэн на харчаванне ў другім паўгоддзі

Мінск, 31 ліпеня. У другой палове 2019 года рост цэн на прадукты харчавання замарудзіцца, што будзе спрыяць зніжэнню інфляцыйных працэсаў у краіне. Такі прагноз прыводзіцца ў аналітычным аглядзе Нацбанка, прысвечаным сітуацыі з інфляцыяй у першым паўгоддзі.

Па выніках 2019 года Нацбанк плануе забяспечыць інфляцыю ў межах 5%.

Між тым у сваім квартальным аглядзе рэгулятар адзначае, што апошнія паўтара года ў краіне з-за "кан'юнктурнага шоку" на рынку сельскагаспадарчай прадукцыі назіраўся паскораны рост цэн на мясную прадукцыю.

"Пры гэтым на харчовыя тавары, у вытворчасці якіх выкарыстоўваюцца прадукты зернеперапрацоўкі (крупы, муку, хлеб і інш.), працягнуўся ўмераны рост цэн", — канстатуе Нацбанк.

У другім паўгоддзі, паведамляе рэгулятар, "чакаецца паступальнае зніжэнне ўкладу дадзеных пазіцый у гадавы прырост спажывецкіх цэн".

"Дадатковым абмежавальным фактарам выступіла ўмацаванне беларускага рубля да валют асноўных гандлёвых партнёраў у другім квартале 2019 года", — адзначае Нацбанк.

Рэгулятар звяртае ўвагу, што інфляцыйныя чаканні ў эканоміцы паступова зніжаюцца.

"Згодна з маніторынгам інфляцыйных чаканняў прадпрыемстваў, у чэрвені 2019 года доля рэспандэнтаў, якія чакаюць паскарэння цэн у найбліжэйшыя 12 месяцаў, знізілася да 25,7% супраць 27,5% у сакавіку 2019 года", — паведамляе Нацбанк.

Паступова зніжаюцца інфляцыйныя чаканні і ў насельніцтва, "аднак па-ранейшаму захоўваюцца на дастаткова высокім узроўні".

Нацбанк звяртае ўвагу, што ў чэрвені фактычная інфляцыя ў гадавым вымярэнні склала 5,7%. У той жа час насельніцтва ў маі, паводле апытання фізічных асоб, ацэньвала адчуваную інфляцыю на ўзроўні 12,2%. У параўнанні з лютым узровень адчуванай насельніцтвам інфляцыі знізіўся на 0,3 працэнтнага пункта.

Начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын, адказваючы на пытанні БелаПАН падчас лютаўскай прэс-канферэнцыі, паведаміў, што рэгулятар плануе рабіць захады, накіраваныя на зніжэнне ўзроўню інфляцыйных чаканняў.

"Сярэднетэрміновая мэта — "замацаваць" велічыню інфляцыйных чаканняў на ўзроўні фактычнай інфляцыі. Адпаведна наша задача — задаць трэнд зніжэння інфляцыйных чаканняў да ўзроўню фактычнай інфляцыі", — сказаў Мурын.

Каб гэта адбылося, улады маюць намер каардынаваць дзеянні ў сферы цэнавага рэгулявання. Ужо падрыхтаваны праект рашэння, якое прадугледжвае, што Міністэрства антыманапольнага рэгулявання стане каардынатарам цэнавай палітыкі ў краіне. Гэтую прапанову Нацыянальны банк падтрымлівае.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН