Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/02/ru_1012533_1012534/
Дата раздрукоўкі: 19.08.2019 12:44
02.08.2019 19:06 Палітыка

Беларусь заклікала ЗША і Расію ўстрымацца ад размяшчэння ракет сярэдняй і меншай далёкасці на еўрапейскім кантыненце

Мінск, 2 жніўня. Беларусь са шкадаваннем успрыняла выхад Злучаных Штатаў з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД), які прывёў да спынення яе дзеяння. Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў, апублікаваным на сайце знешнепалітычнага ведамства.

"ДРСМД з`яўлялася адным з найважнейшых элементаў сучаснай раззбраенчай архітэктуры, — гаворыцца ў заяве. — Дамова ўнесла істотны ўклад у зніжэнне напружанасці і ўмацаванне даверу на еўрапейскім кантыненце праз забарону цэлага класа крылатых і балістычных ракет і фактычна паклала пачатак практычным крокам у галіне ядзернага раззбраення. Спыненне дзеяння ДРСМД наносіць сур`ёзны ўрон міжнароднай бяспецы і стратэгічнай стабільнасці, ствараючы перадумовы для гонкі ўзбраенняў у розных рэгіёнах свету, у першую чаргу ў Еўропе".

"Будучы адказным і паслядоўным бокам ДРСМД, Беларусь была гатова ўдзельнічаць у любых канструктыўных намаганнях па захаванні яе жыццяздольнасці. Мы неаднаразова прапаноўвалі вырашаць праблемныя пытанні з дапамогай прафесійнага і ўзаемапаважлівага дыялогу ў рамках прадугледжаных дамовай механізмаў. На жаль, нашы прапановы засталіся без адказу", — падкрэслілі ў МЗС.

Беларусь, як адзначылі ў міністэрстве, заклікае "ўсе зацікаўленыя дзяржавы па абодва бакі Атлантыкі прыкласці максімум намаганняў, каб прадухіліць размяшчэнне ракет сярэдняй і меншай далёкасці на еўрапейскім кантыненце". Краіна гатовая да "канструктыўнай і мэтанакіраванай працы для дасягнення гэтай мэты".

Дамова аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці была падпісаная ў 1987 годзе ў Вашынгтоне лідарамі ЗША Рональдам Рэйганам і СССР Міхаілам Гарбачовым.

20 кастрычніка 2018 года амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў пра намер выйсці з дамовы з-за яе невыканання Масквой. На думку Вашынгтона, расійскі бок парушыў дамову, стварыўшы ракету 9М729. У Расіі гэтыя абвінавачанні абверглі, выставіўшы сустрэчныя прэтэнзіі. На думку Масквы, дагавор парушаюць ЗША, размяшчаючы на аб`ектах ПРА ў Еўропе пускавыя ўстаноўкі МК-41, якія распрацаваны для запуску крылатых ракет далёкасцю 2,4 тыс. км.

У снежні 2018 года ЗША аб`явілі, што выйдуць з дамовы, калі Расія на працягу 60 дзён не вернецца да яе выканання. Дзеянне ўльтыматуму ЗША скончылася 2 лютага. У той жа дзень дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа заявіў аб прыпыненні ўдзелу Злучаных Штатаў у ДРСМД. Адначасова з гэтым быў пачаты працэс па канчатковым выхадзе краіны з дамовы, які заняў паўгода.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН