Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/05/eu_1012600_123/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 18:13
05.08.2019 12:01 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Андрэа Віктарын: За чатыры гады нам удалося наладзіць даверны дыялог

Мінск, 5 жніўня. За чатыры гады сумеснымі намаганнямі ўдалося наладзіць канструктыўны і даверны дыялог паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Такое меркаванне ў інтэрв`ю БелаПАН выказала кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын, якая завяршае сваю дыпламатычную місію ў рэспубліцы.

Віктарын узначальвала прадстаўніцтва ЕС у Беларусі з верасня 2015 года.

"Заўсёды здаецца, што можна было б зрабіць больш. Але і цяпер я магу шчыра сказаць, што мы дамагліся значнага прагрэсу. Калі параўноўваць сённяшнюю сітуацыю з тым, што было чатыры гады таму, то цяпер ваш урад дэманструе большую адкрытасць, большую гатоўнасць абмяркоўваць з намі некаторыя складаныя пытанні, чым гэта было раней. Так што, гэта сапраўды вялікі прагрэс", — падкрэсліла Віктарын.

Яна адзначыла, што за час яе працы ў Беларусі ўдалося арганізаваць некалькі візітаў высокага ўзроўню з Бруселя ў Мінск. Так, у 2018 годзе Беларусь тройчы наведваў камісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС Ёханес Хан, прыязджалі еўракамісар па лічбавай эканоміцы і лічбавым грамадстве Марыя Габрыэль і еўракамісар па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэр Отынгер. "Мы бачым, што Беларусь стала больш зацікаўленай ва ўдзеле ва Усходнім партнёрстве, і мы вельмі гэта цэнім", — сказала Віктарын.

Паводле яе слоў, ёсць прагрэс у галіновых дыялогах у розных сферах, двойчы на год праводзяцца сустрэчы каардынацыйнай групы Беларусь — ЕС, у якіх бяруць удзел і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, як і ў Дыялогу па правах чалавека.

"Усе гэтыя элементы паказваюць, што мы дасягнулі пэўнага прагрэсу, — лічыць Віктарын. — Калі я прыехала сюды, то сваёй задачай бачыла паляпшэнне адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Я хацела, каб мы пачалі давяраць адзін аднаму. Калі пачынала працу тут, то ў МЗС мне казалі: "Мы ўсё яшчэ знаходзімся ў рэжыме санкцый". Сёння мы працуем ужо на іншым узроўні".

Кіраўнік прадстаўніцтва нагадала, што ў дачыненні да Беларусі працягвае дзейнічаць частка санкцый ЕС. (Гаворка ідзе пра забарону на ўезд у ЕС былым сілавікам Уладзіміру Навумаву, Віктару Шэйману, Юрыю Сівакову і Дзмітрыю Паўлічэнку, якіх Брусель лічыць датычнымі да знікнення палітыкаў і журналіста ў 1999—2000 гадах, а таксама аб эмбарга на пастаўкі ўзбраенняў у Беларусь. — БелаПАН.).

"Тым не менш, нават з улікам санкцый, якія захоўваюцца, атрымалася дамагчыся пэўнага прагрэсу — у прыватнасці, у эмбарга на пастаўкі ўзбраення зробленае выключэнне для экспарту біятлоннага рыштунку і спартыўных вінтовак", — адзначыла Віктарын.

Дыпламат перакананая, што пры выбудоўванні дыялогу неабходна праяўляць пэўную гнуткасць. "Кожны раз, калі з`яўляецца праблема, трэба знайсці шляхі яе вырашэння, нельга здавацца. Я так будую сваю працу, — падкрэсліла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС. — І я думаю, што разам мы знойдзем рашэнне любой праблемы. Гаворачы "разам", я маю на ўвазе не толькі ўлады краіны і ЕС, але і бізнес-супольнасць, грамадзянскую супольнасць, праваабаронцаў. Сумеснымі намаганнямі мы змаглі за гэтыя чатыры гады палепшыць адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам".

Андрэа Віктарын знаёмая з меркаваннем шэрагу экспертаў аб тым, што Беларусь і ЕС дасягнулі мяжы ў сваім узаемадзеянні, і прарыў у адносінах магчымы толькі ў выпадку нейкіх значных крокаў ад аднаго з бакоў. "Я чытала гэтыя артыкулы, але не згодная з такім меркаваннем, — сказала кіраўнік прадстаўніцтва ЕС. — Пачынаючы чатыры гады таму дыялог, абодва бакі рэалістычна ацэньвалі магчымасці. Мы вырашылі рухацца крок па кроку, паступова. Я лічу, што пакуль ёсць воля да развіцця адносін, то заўсёды будзе магчымасць рухацца далей. Можа быць, у нашых адносінах няма нейкага прарыву, але мы робім пэўныя крокі, якія я ацэньваю як крокі ў правільным кірунку. І для мяне важна, каб у нас было добрае паразуменне з беларускім бокам, каб мы маглі казаць пра розныя рэчы".

Дыпламат не адмаўляе, што ў Мінска і Бруселя захоўваюцца рознагалоссі па некаторых пытаннях. "Але магу сказаць, што нашы спрэчкі зараз адрозніваюцца ад таго, як гэта было чатыры гады таму, — дадала яна. — І параўноўваючы свой першы працоўны дзень у Мінску і цяпер, я бачу рэальны прагрэс у нашым узаемадзеянні. Я перакананая, што мы павінны ставіць перад сабой рэалістычныя мэты. Калі мы хочам атрымаць усё і адразу, то абодва бакі могуць быць расчараваныя. Самым галоўным у нашых адносінах я лічу тое, што мы зрабілі працэс дыялогу адзін з адным устойлівым".

Поўны тэкст інтэрв`ю публікуе інтэрнэт-газета БелаПАН Naviny.by.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН