Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/05/eu_1012606_123/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 06:28
05.08.2019 12:05 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС: Пагадненне па візах падпішам восенню

Мінск, 5 жніўня. Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі Еўрасаюз і Беларусь плануюць падпісаць восенню, паведаміла ў інтэрв`ю БелаПАН кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын, якая завяршае сваю дыпламатычную місію ў рэспубліцы.

"Тут важна сказаць, што мы завяршылі ўсе перамовы па тэксце пагаднення ў чэрвені. Зараз дакумент праходзіць унутрыдзяржаўныя працэдуры ўзгаднення ў Беларусі і ў ЕС, — сказала яна. — Сёння раніцай (29 ліпеня. — БелаПАН.) на сустрэчы з міністрам [замежных спраў Уладзімірам] Макеем мы казалі пра тое, што падпішам пагадненне восенню. Дакладная дата яшчэ не вызначаная, але павінна ж я пакінуць нейкую працу для свайго пераемніка. Я цвёрда ўпэўненая, што гэты дакумент мы падпішам".

Дыпламат не выключыла, што ў сувязі з падпісаннем пагадненняў у Мінск можа прыехаць прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні. "Такая магчымасць разглядаецца, абмяркоўваюцца даты, якія неабходна ўзгадніць. Але ў яе ёсць імкненне наведаць Беларусь", — дадала Віктарын.

Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі Еўрасаюз і Беларусь вядуць з 2014 года. 12 ліпеня гэтага года Афіцыйны журнал ЕС апублікаваў рашэнне Савета Еўрасаюза аб унясенні зменаў у Візавы кодэкс, якія прадугледжваюць у тым ліку павышэнне кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра. Прымяняць новы візавы збор пачнуць з 2 лютага 2020 года.

У прадстаўніцтве ЕС у Беларусі БелаПАН патлумачылі, што з падпісаннем і ўваходжаннем у сілу візавага пагаднення паміж Беларуссю і ЕС кошт шэнгенскіх візаў для Беларусі складзе 35 еўра. Каментуючы змены, унесеныя ў Візавы кодэкс ЕС, у прадстаўніцтве адзначылі, што "павелічэнне кошту віз не паўплывае на самы нізкі памер візавага збору ў 35 еўра, усталяваны ў пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму, якія заключаныя паміж ЕС і шэрагам трэціх краін, такіх як Расія, Арменія і Азербайджан".

Каментуючы ход перамоў па пагадненні аб прыярытэтах партнёрства, якія Беларусь і ЕС таксама вядуць некалькі гадоў, Віктарын паведаміла: "Зараз мы знаходзімся ў стадыі абмеркавання некаторых пытанняў унутры ЕС. Але я ўпэўненая, што з гнуткасцю і добрай воляй з абодвух бакоў мы прыйдзем да дадатнага выніку. Не магу дакладна сказаць калі, але запэўніваю вас, што гэты дакумент з`яўляецца прыярытэтным як для высокага прадстаўніка ЕС Магерыні, так і для камісара [па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС Ёханеса] Хана".

На пытанне, ці могуць Мінск і Брусель пачаць перамовы аб заключэнні рамачнага пагаднення аб супрацоўніцтве без падпісання прыярытэтаў партнёрства, Віктарын адказала: "Было б, вядома, нашмат прасцей, калі б мы дамовіліся і падпісалі прыярытэты партнёрства".

"У любым разе цяпер сітуацыя ў ЕС змянілася, нядаўна прайшлі выбары ў Еўрапарламент. Мы знаходзімся ў працэсе фарміравання новай Еўракамісіі, што зойме нейкі час. Пасля таго як новая камісія пачне працу, спатрэбіцца атрымаць мандат на перамовы па рамачным пагадненні. Я думаю, што жаданне пачаць гэтыя перамовы ёсць, але неабходна атрымаць мандат, а для гэтага патрэбная згода ўсіх 28 членаў ЕС", — адзначыла Віктарын.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239