Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/05/eu_1012609_123/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 05:45
05.08.2019 12:07 Грамадства, Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Андрэа Віктарын: Сродкі, што выдзяляе ЕС, накіраваныя на паляпшэнне жыцця людзей у Беларусі, а не на падтрымку ўрада

Мінск, 5 жніўня. Фінансавыя сродкі, якія ЕС выдзяляе на рэалізацыю праектаў у Беларусі, накіраваныя на паляпшэнне жыцця людзей, а не на падтрымку беларускага ўрада. Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіла кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза Андрэа Віктарын на просьбу пракаментаваць меркаванне пра тое, што, даючы Беларусі грошы, ЕС такім чынам падтрымлівае недэмакратычны рэжым.

"Наша мэта — гэта дабрабыт грамадзян Беларусі, — падкрэсліла дыпламат. — Мы хочам бачыць стабільную, незалежную, суверэнную Беларусь з росквітам эканомікі, павагай правоў і свабод чалавека і прыхільнасцю да прынцыпу вяршэнства права. Для гэтага мы і працуем, і я глыбока перакананая, што гэта правільны шлях".

Віктарын таксама дадала: "Мы не ажыццяўляем бюджэтную падтрымку — мы прапануем свой вопыт, дзелімся напрацоўкамі і экспертызай у сферы, што, на мой погляд, з'яўляецца мэтай для кожнай краіны, бо гэта паляпшае жыццё грамадзян".

Пры гэтым дыпламат адзначыла, што ведае аб праблемах, якія ўзнікаюць у арганізацый грамадзянскай супольнасці пры рэгістрацыі грантаў, атрыманых ад Еўрасаюза на рэалізацыю праекта або ініцыятывы. "Такая праблема ўзнікае не толькі ў грамадзянскай супольнасці, і беларускія міністэрствы часам сутыкаюцца з цяжкасцямі пры рэгістрацыі праектаў, што фінансуюцца ЕС, — сказала яна. — Рэгістрацыя праектаў замежнай дапамогі — гэта нармальна. І я думаю, што ў любой краіне даводзіцца рэгістраваць падобныя праекты. Але ў Беларусі гэты працэс зрабіць бы крыху лягчэшым".

Віктарын паведаміла, што 26 ліпеня яна сустракалася з міністрам эканомікі Дзмітрыем Крутым. "У нас выйшла добрая і вельмі пазітыўная размова. Я ведаю, што ўрад Беларусі цяпер працуе над указам прэзідэнта, што прадугледжвае спрашчэнне працэдур атрымання гуманітарнай дапамогі. І міністр мне сказаў, што таксама разглядаюць магчымасці для спрашчэння працэдуры атрымання міжнароднай тэхнічнай дапамогі", — расказала яна.

Паводле слоў дыпламата, прадстаўніцтва ЕС заўсёды папярэджвае атрымальнікаў тэхнічнай дапамогі пра неабходнасць яе рэгістрацыі. "Я ведаю, што цяпер працэдура рэгістрацыі складаная, але гэта, тым не менш, частка дзейнага заканадаўства. І прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ведаюць, што калі ў іх узнікаюць нейкія праблемы, яны могуць прыйсці да мяне", — дадала Віктарын.

Кіраўнік прадстаўніцтва таксама падкрэсліла, што падчас сустрэч з прадстаўнікамі ўлады розных узроўняў яна заўсёды старалася "данесці да іх думку пра каштоўнасць для краіны грамадзянскай супольнасці і важнасць удзелу трэцяга сектара ва ўсіх сферах жыцця краіны". "Так, абмен думкамі паміж уладай і грамадзянскай супольнасцю часам прыводзіць да крытыкі. Ніхто не любіць чуць крытыку, але трэба вучыцца спраўляцца з гэтым. Калі вы ўпэўненыя ў сабе, то вы спакойна прымаеце гэтую крытыку, таму што часам можаце атрымаць з яе ўрокі. Але калі вы выключыце грамадзянскую супольнасць з усіх працэсаў, вы ніколі не зможаце пабудаваць развітую і паспяховую краіну. Такое маё глыбокае перакананне", — сказала Віктарын.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239