Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/05/eu_1012612_123/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 06:06
05.08.2019 12:19 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Андрэа Віктарын: Зрабіць ЕС і Усходняе партнёрства больш прыкметнымі ў Беларусі можна праз асабістую зацікаўленасць грамадзян у нашых праектах

Мінск, 5 жніўня. "Зрабіць ЕС і Усходняе партнёрства больш прыкметнымі ў Беларусі можна праз асабістую зацікаўленасць грамадзян у нашых праектах" — такое меркаванне выказала ў інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын, якая завяршае сваю дыпламатычную місію ў рэспубліцы.

"Гэта — тое пытанне, дзе мы ўсё яшчэ думаем над правільнай стратэгіяй. Перш за ўсё, мне здаецца, важна распавядаць, што мы працуем для людзей, і паказваць, што мы для іх робім. Важны чалавечы фактар. Нікому не цікавыя доўгія прамовы, мноства лічбаў і абрэвіятур. Людзям цікава тое, што тычыцца іх саміх", — перакананая дыпламат.

Найбліжэйшым часам, паведаміла яна, ЕС плануе праводзіць так званыя структурныя кансультацыі пра будучыню Усходняга партнёрства, да ўдзелу ў якіх запрашаюцца не толькі ўрады гэтых краін, але і бізнес-супольнасць, аналітычныя цэнтры, грамадзянская супольнасць.

"Праводзіцца апытанне, у рамках якога кожны ахвочы можа падзяліцца сваімі ідэямі пра будучыню Усходняга партнёрства. Гэтыя прапановы мы ўлічым пры распрацоўцы нашай стратэгіі па развіцці гэтай ініцыятывы ў далейшым, — сказала Віктарын. — Я таксама прапанавала МЗС і Міністэрству эканомікі сабрацца і разам абмеркаваць, што яшчэ можна зрабіць, каб Усходняе партнёрства і ЕС у цэлым былі больш прыкметнымі ў Беларусі. Я думаю, што трэба пачынаць з асабістай цікавасці людзей, каб яны бачылі, што праекты дапамагаюць ім канкрэтна".

Віктарын таксама адзначыла, што на стадыі абмеркавання з уладамі Беларусі новых праектаў "часам даводзіцца пераадольваць бар'еры". "Але калі мы дасягаем пагаднення, то беларускі бок рэалізуе ўсе дамоўленасці, — дадала яна. — А яшчэ важна разумець, што за кожным праектам стаяць беларусы. Недастаткова прыцягнуць спецыялістаў звонку, якія раскажуць і пакажуць, што і як трэба рабіць, — неабходна далучаць мясцовых жыхароў, зацікаўліваць іх. І я думаю, што ў нас гэта атрымліваецца, і гэта робіць мяне шчаслівай".

Кажучы пра найбольш значныя сярод ужо рэалізаваных праектаў, Віктарын адзначыла першы для Беларусі праект TWINNING (твінінг — інструмент узаемадзеяння паміж галіновымі ведамствамі ЕС і трэціх краін), які спрыяў пашырэнню супрацоўніцтва Нацбанка Беларусі з цэнтральнымі банкамі Германіі, Польшчы і Літвы. "Я прысутнічала на выніковай канферэнцыі з нагоды завяршэння праекта і была ўражаная тым прагрэсам, якога ўдалося дасягнуць. І зараз у беларускага боку значна больш цікавасці да такога супрацоўніцтва, у нас ужо падпісаныя яшчэ два TWINNING-праекты і тры на чарзе", — сказала Віктарын.

Сваім любімым праектам яна назвала МОСТ, праект прафесійных абменаў, дзякуючы якому беларускія спецыялісты могуць праходзіць стажыроўкі ў Еўропе, наведваць розныя мерапрыемствы і канферэнцыі для ўстанаўлення кантактаў з еўрапейскімі калегамі і наладжвання прафесійных сувязяў.

"Праект быў прадоўжаны, яго рэалізацыя працягваецца. Плануецца ўнесці ў яго невялікія змены, якія дадуць вялікую гнуткасць для працяглых візітаў спецыялістаў у ЕС, калі гэта неабходна, — распавяла Віктарын. — Я лічу, што МОСТ — унікальны праект, які быў распрацаваны спецыяльна для Беларусі. Думаю, што ён вельмі паспяховы".

Акрамя таго, адзначыла яна, ЕС надае вялікае значэнне інклюзіўным праектам, якія спрыяюць інтэграцыі ў грамадства прадстаўнікоў уразлівых груп, а таксама праектаў у галіне абароны навакольнага асяроддзя, барацьбы са зменай клімату.

Віктарын разлічвае, што ў наступным годзе будзе працягнуты праект "Цень на дзень", дзякуючы якому маладыя беларускі могуць прайсці аднадзённыя стажыроўкі ў пасольствах і прадстаўніцтвах міжнародных арганізацый у Беларусі. "Можаце быць упэўненыя, што я параю майму пераемніку працягнуць гэты праект, — заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС. — Я нават спадзяюся, што кола яго ўдзельнікаў пашырыцца. Мне б вельмі хацелася, каб у гэтым праекце ўдзельнічалі не толькі пасольствы і прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый, але і беларускія міністэрствы. Гэта вельмі добры праект, які прасоўвае ідэі гендарнай роўнасці і дае маладым дзяўчатам магчымасць самастойна выбраць прафесію".

Дыпламат паведаміла, што Беларусь і ЕС абмяркоўваюць некалькі новых праектаў. Адзін з іх датычыцца сферы вяршэнства права і належнага кіравання. "Мы знаходзімся на фінальнай стадыі абмеркавання гэтага праекта. Думаю, што да канца года завершацца ўсе фармальнасці", — сказала яна.

У праекце, паводле слоў Віктарын, некалькі складнікаў. "Па-першае, мы хочам падзяліцца еўрапейскім вопытам па арганізацыі дзяржаўных паслуг для грамадзян. Ідэя палягае ў тым, каб стварыць адзіны цэнтр абслугоўвання грамадзян, куды яны змогуць прыйсці і ў адным месцы аплаціць усё — атрыманне пашпарта, падаткі, зарэгістраваць аўтамабіль або кватэру і гэтак далей. Такое ёсць у многіх краінах ЕС, — падкрэсліла дыпламат. — Па-другое, разам з ЮНІСЕФ мы маем намер падтрымаць ідэю аднаўленчага правасуддзя для маладых людзей. Гэта заўсёды няпростае пытанне, што рабіць з маладымі людзьмі, якія парушаюць закон, як інтэграваць іх у грамадства".

Акрамя таго, зазначыла Віктарын, бакі абмяркоўваюць вялікую праграму з рознымі кампанентамі, якая прызначаная для падтрымкі эканамічнага развіцця на рэгіянальным узроўні. "Тут мы абмяркоўваем, што можа быць зроблена для ўмацавання прыватнага сектара, у якой дапамозе маюць патрэбу малыя і сярэднія прадпрыемствы", — распавяла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239