Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/05/ru_1012692_574012/
Дата раздрукоўкі: 26.08.2019 06:12
05.08.2019 18:02 Палітыка

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада

Мінск, 5 жніўня. Аляксандр Лукашэнка 5 жніўня падпісаў указы № 293 і 294 аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Указамі прадугледжана, што Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў у адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі арганізуе правядзенне выбараў і ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах.

Мясцовыя саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы павінны не пазней за 8 кастрычніка "правесці вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і забяспечыць выкананне іншых аднесеных да іх кампетэнцыі арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Савет Рэспублікі".

Дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi "павінны забяспечыць выкананне аднесеных да іх кампетэнцыі арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Палату прадстаўнікоў".

Савету міністраў даручана "забяспечыць фінансаванне расходаў на падрыхтоўку і правядзенне абодвух выбараў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на іншыя агульнадзяржаўныя пытанні".

Указы ўваходзяць у сілу з дня іх афіцыйнага апублікавання.

30 ліпеня на сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай і кіраўніком сваёй адміністрацыі Наталляй Качанавай Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся падрыхтаваць указы аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу на 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў — на 17 лістапада. "Першае пытанне, якое ў грамадстве пастаянна разглядаецца, ды й Лідзію Міхайлаўну ўцягваюць у абмеркаванне гэтых пытанняў, — гэта тэрміны прызначэння і правядзення нашых парламенцкіх выбараў, — заявіў Лукашэнка. — Мы ўжо дакладна вызначыліся, што сёлета мы праводзім парламенцкія выбары, а ў наступным годзе мы праводзім прэзідэнцкія выбары. Нягледзячы на прагнозы некаторых "знаўцаў" пра тое, што Лукашэнка сёлета, бо ціха і спакойна, хуценька правядзе прэзідэнцкія выбары, каб зноў схапіць крэсла і ў яго надоўга прысесці, — гэта поўны зман. Як я і абяцаў, усё будзе паводле закона і ў рамках Канстытуцыі".

"Паколькі супадаюць выбары парламенцкія і прэзідэнцкія, мы ўсё ж такі вырашылі іх развесці. І парламентарыі з намі пагадзіліся. Яны ў гэтым плане, дэпутаты нашы, малайцы. Мы вызначыліся, што сёлета мы правядзем парламенцкія выбары", — дадаў Лукашэнка.

На сустрэчы Ярмошына падала кіраўніку дзяржавы прапанову ЦВК правесці выбары ў верхнюю і ніжнюю палаты парламента 7 і 17 лістапада адпаведна. Лукашэнка даручыў "прапрацаваць гэтыя прапановы, яшчэ раз праінфармаваць і падрыхтаваць адпаведныя праекты ўказаў да панядзелка", 5 жніўня.

Пра тое, што парламенцкія выбары пройдуць сёлета, а прэзідэнцкія — у 2020 годзе, стала вядома падчас выступлення Лукашэнкі з пасланнем народу і парламенту 19 красавіка. Пры гэтым ён прапанаваў правесці парламенцкія выбары 7 лістапада (дата Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, якая ў Беларусі мае статус афіцыйнага свята). Аднак у інтэрв`ю БелаПАН 30 красавіка Ярмошына назвала гэтую дату няўдалай для правядзення выбараў. Дата няўдалая "ў тым плане, што гэты дзень з`яўляецца першым у чарадзе доўгіх выхадных", растлумачыла кіраўнік ЦВК. "Гэта, цалкам магчыма, прывядзе да таго, што вельмі многія людзі будуць у гэты перыяд дзесьці адпачываць, магчыма, знаходзіцца за мяжой. І таму я проста баюся: гэты дзень няўдалы тым, што ён можа адмоўна адбіцца на яўцы выбаршчыкаў, — сказала Ярмошына. — І прэзідэнт жа не казаў адназначна аб 7 лістапада — ён казаў аб блізкай даце да гэтага дня. Таму Цэнтральная выбарчая камісія будзе ўносіць прапанову кіраўніку дзяржавы: мы лічым, што самай удалай у гэтым плане з`яўляецца дата 17 лістапада".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН