Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/06/ru_1012738_123/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 21:12
06.08.2019 11:42 Палітыка

Ярмошына: На парламенцкія выбары будзе патрачана каля 23 млн рублёў

Мінск, 6 жніўня. На выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, якія пройдуць у лістападзе бягучага года, будзе выдаткавана каля 23 млн рублёў, паведаміла журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына 6 жніўня перад пасяджэннем ЦВК.

"Хачу звярнуць увагу, што фінансаванне павялічанае на адзін мільён рублёў у параўнанні з выбарамі 2016 года. Гэта звязана з ростам зарплат па краіне", — сказала Ярмошына.

Паводле яе слоў, да 2 верасня павінны быць сфармаваныя акруговыя і абласныя выбарчыя камісіі. Пасля фармавання камісій кандыдаты ў дэпутаты змогуць пачаць падаваць дакументы. "Першы такі дакумент — аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы", — сказала Ярмошына.

Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці зробіць ЦВК рэкамендацыю выбарчым камісіям пры падліку галасоў паказваць бюлетэні назіральнікам на ўчастку, як гэта рэкамендуе АБСЕ, Ярмошына сказала: "Рэкамендацыі АБСЕ намі выконваюцца. Але частка рэкамендацый, у тым ліку і тая, пра якую вы пытаецеся, можа быць выкананая і ўлічаная толькі нормамі закона. ЦВК не мае права прымаць падобныя пастановы".

Ярмошына таксама паведаміла, што сёння раніцай МЗС накіраваў лісты з запрашэннем назіраць за выбарамі ў краіне ў Парламенцкую асамблею АБСЕ, Выканкам СНД і ШАС. "ЦВК накіруе запрашэнні пазней калегам нашым за мяжой і ў Сусветную асацыяцыю арганізатараў выбараў, у якой мы знаходзімся і якая базуецца ў Паўднёвай Карэі", — сказала Ярмошына. Паводле яе слоў, ЦВК плануе запрасіць калег з краін СНД, а таксама Грузіі і Украіны.

5 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указы № 293 і 294 аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН