Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/07/ru_1012829_123/
Дата раздрукоўкі: 26.08.2019 05:32
07.08.2019 09:47 Эканоміка, Фінансы

Золатавалютныя рэзервы Беларусі дасягнулі рэкорднага ўзроўню

Мінск, 7 жніўня. Золатавалютныя рэзервы дасягнулі максімальнага значэння за ўсю гісторыю краіны і склалі па стане на 1 жніўня 8,6 млрд долараў, паведамляе Нацыянальны банк.

"За ліпень 2019 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 337,1 млн долараў ЗША (на 4,1%) пасля росту ў чэрвені 2019 года на 200,8 млн долараў ЗША (на 2,5%)", — гаворыцца ў паведамленні Нацыянальнага банка.

Паводле дадзеных рэгулятара, у ліпені 2019 года ўрадам і Нацыянальным банкам выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце прыкладна на 500 млн долараў.

У той жа час, адзначае Нацбанк, павелічэнню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у ліпені спрыялі некалькі фактараў — купля замежнай валюты Нацбанкам на ўнутраным рынку, паступленне замежнай валюты ў бюджэт ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, а таксама сродкаў ад продажу Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце.

За студзень—ліпень золатавалютныя рэзервы Беларусі павялічыліся на 1.470,3 млн долараў (на 20,5%) да 8 млрд 627,9 млн долараў на 1 жніўня. Гэта максімальнае значэнне з ліпеня 2012 года. Тады рэзервы пасля паступлення сродкаў ад прыватызацыі "Белтрансгаза" складалі 8,3 млрд долараў.

Імкненне ўлад у 2012—2014 гадах утрымліваць валютны курс за кошт рэзерваў, адзначаюць эксперты, прывяло да таго, што да пачатку 2015 года ЗВР знізіліся да 5 млрд долараў. Пачынаючы з 2016 года Нацбанк імкнецца паступова павялічваць рэзервы. Нагадаем, афіцыйная мэта на 2019 год, якую паставіў Нацбанк, — забяспечыць золатавалютныя рэзервы да канца года на ўзроўні не меншым за 7,1 млрд долараў.

Асноўны фактар, які націскае на золатавалютныя рэзервы Беларусі, — значныя плацяжы па знешнім і ўнутраным дзярждоўгу. За студзень—ліпень урад у асобе Мінфіна і Нацбанк накіравалі на пагашэнне знешніх і ўнутраных аблігацый 2,5 млрд долараў.

У наступныя гады значныя плацяжы Беларусі па дзярждоўгу захаваюцца — гэта вынікае з прэзентацыі Мінфіна ў ліпені гэтага года расійскім пакупнікам беларускіх дзяржаблігацый. У ёй гаворыцца, што ў 2019 годзе Мінфін павінен накіраваць на выплаты па валютным дзярждоўгу 3,2 млрд долараў, у 2020-м — 3,5 млрд долараў, у 2021-м — 3,3 млрд долараў, у 2022-м — 3,4 млрд долараў, у 2023-м — 3,8 млрд долараў, у 2024 годзе — 2,7 млрд долараў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН