Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/07/ru_1012931_778899/
Дата раздрукоўкі: 26.08.2019 05:34
07.08.2019 19:05 Эканоміка, Фінансы

Нацбанк: Бюджэт на 2020 год не будзе мець праінфляцыйнага ўплыву

Мінск, 7 жніўня. Рост бюджэтных расходаў у 2020 годзе не зробіць істотнага ўплыву на цэны, заявіў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц, адказваючы на пытанні БелаПАН падчас прэс-канферэнцыі 7 жніўня ў Мінску.

У сваю чаргу кіраўнік Нацбанка Павел Калаур назваў пытанне пра ўплыў бюджэтных расходаў у 2020 годзе на інфляцыю справядлівым.

"Гэтыя пытанні былі прадметам нашых дыскусій, і рызыкі расходавання бюджэтных сродкаў, назапашаных у папярэднія гады, мы ўлічвалі пры прагнозе грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год", — сказаў Калаур.

Ён адзначыў, што праект бюджэту на 2020 год ухвалены ўрадам з улікам пазіцыі Нацбанка.

Сяргей Калечыц заявіў, што рэгулятар не чакае "праінфляцыйнага ўплыву расходаў бюджэту ў 2020 годзе".

Ён звярнуў увагу, што праект бюджэту на наступны год сфармаваны з дэфіцытам у 1,3 млрд рублёў.

"Гэты дэфіцыт звязаны не з апераджальным ростам выдаткаў, а са зменамі ў даходнай частцы. Бюджэт вярстаецца паводле базавага, гэта значыць вельмі кансерватыўнага, сцэнарыя, закладваюцца вельмі асцярожныя падыходы, закладваецца магчымасць неатрымання шэрагу валютных паступленняў, якія былі раней", — сказаў Калечыц.

Таму, дадаў ён, "бюджэту давядзецца задзейнічаць валютныя дэпазіты".

"Інфляцыйныя рызыкі такі дэфіцыт не нясе", — падкрэсліў прадстаўнік Нацбанка.

У чэрвені спажывецкія цэны знізіліся на 0,06% у параўнанні з маем. З пачатку года інфляцыя склала 2,9%. У гадавым вымярэнні інфляцыя ў чэрвені (да чэрвеня 2018 года) склала 5,7%. Афіцыйная мэта, якую раней паставіў Нацбанк, — забяспечыць інфляцыю ў снежні 2019 года на ўзроўні не больш за 5% у параўнанні са снежнем 2018-га.

На 2020 год Нацыянальны банк і ўрад таксама ставяць задачу забяспечыць інфляцыю не больш за 5%.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН