Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/09/ru_1013055_123/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 23:58
09.08.2019 09:26 Эканоміка, Фінансы

Нацбанк: Пад канец наступнага года рэзервы складуць не менш за 7,2 млрд долараў

Мінск, 9 жніўня. Золатавалютныя рэзервы Беларусі пад канец 2020 года павінны скласці не менш як 7,2 млрд долараў. Паводле звестак БелаПАН, такую мэту Нацыянальны банк заклаў у праект Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на наступны год.

У будучым годзе рэгулятар мае намер працягнуць працу па падтрыманні ўзроўню рэзерваў і паляпшэнні іх структуры шляхам пагашэння даўгавых абавязацельстваў за кошт выкарыстання недаўгавых крыніц.

"Структура золатавалютных рэзерваў паляпшаецца, паступова павялічваецца недаўгавы складнік у структуры ЗВР", — растлумачыў суразмоўца БелаПАН у фінансавых колах.

Паводле звестак БелаПАН, у 2020 годзе Нацбанк мае намер праводзіць аперацыі па куплі замежнай валюты на ўнутраным рынку для папаўнення золатавалютных рэзерваў.

Як паведамлялася, на 1 жніўня золатавалютныя рэзервы дасягнулі рэкордных 8,6 млрд долараў і выраслі з пачатку года больш чым на 20%. Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур 7 жніўня ў час прэс-брыфінгу паведаміў, што рэзервы ў гэтым годзе ўдалося нарасціць у тым ліку за кошт куплі залішняй прапановы замежнай валюты на ўнутраным рынку.

У той жа час кіраўнік Нацбанка адзначыў, што прытрымліваецца асцярожных адзнак адносна будучай дынамікі золатавалютных рэзерваў.

"Мы закладваем на 2020 год вельмі асцярожныя падыходы і максімальна ўлічваем рызыкі гандлёвых войнаў паміж асобнымі дзяржавамі, якія фарміруюць ільвіную долю сусветнага ВУП", — сказаў Калаур, адказваючы на пытанні БелаПАН.

Ён адзначыў, што Нацбанк у гэтых умовах імкнецца забяспечыць той узровень золатавалютных рэзерваў, які неабходны для забеспячэння фінансавай стабільнасці. "Наша задача складаецца ў тым, каб рэзервы пакрывалі не менш як двухмесячны аб`ём імпарту", — удакладніў Калаур.

Ён звярнуў увагу, што ў сувязі з падатковым манеўрам у нафтавай галіне Расіі ў наступным годзе зноў крыху знізяцца валютныя паступленні Беларусі.

"Гэта будзе рабіць нейкі націск на плацежны баланс, хоць плацежны баланс на 2020 год складаецца, як мы прагназуем, даволі збалансаваным", — зазначыў Калаур.

Як паведамлялася раней, Нацбанк на канец 2019 года паставіў задачу ўтрымаць рэзервы на ўзроўні не меншым за 7,1 млрд долараў.

Асноўны фактар, які націскае на золатавалютныя рэзервы Беларусі, — значныя плацяжы па знешнім і ўнутраным дзярждоўгу. За студзень—ліпень урад у асобе Мінфіна і Нацбанк накіравалі на пагашэнне знешніх і ўнутраных аблігацый 2,5 млрд долараў.

У наступныя гады значныя плацяжы Беларусі па дзярждоўгу захаваюцца — гэта вынікае з прэзентацыі Мінфіна, якая была прадстаўленая ў ліпені гэтага года расійскім пакупнікам беларускіх дзяржаблігацый. У ёй гаворыцца, што ў 2019 годзе Мінфін павінен накіраваць на выплаты па валютным дзярждоўгу 3,2 млрд долараў, у 2020-м — 3,5 млрд долараў, у 2021-м — 3,3 млрд долараў, у 2022-м — 3,4 млрд долараў, у 2023-м — 3,8 млрд долараў, у 2024 годзе — 2,7 млрд долараў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН