Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/10/ru_1013152_225588/
Дата раздрукоўкі: 19.08.2019 13:04
10.08.2019 11:57 Грамадства, Палітыка

Мінюст: Парламент можа стаць месцам вырашэння пытання аб смяротнай кары з улікам грамадскай думкі

Мінск, 10 жніўня. Парламент можа стаць месцам вырашэння пытання аб прымяненні смяротнага пакарання з улікам грамадскай думкі. Пра гэта гаворыцца ў адказе Міністэрства юстыцыі, які дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім атрымала 9 жніўня на сваю прапанову ацаніць законапраект аб мараторыі на вышэйшую меру пакарання.

Фатаграфію датаванага 5 жніўня ліста за подпісам першага намесніка міністра юстыцыі Сяргея Задзірана парламентарый апублікавала на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

Чыноўнік нагадаў, што Канстытуцыя дазваляе прымяняць смяротнае пакаранне да яго адмены ў якасці выключнай меры пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з рашэннем суда. Ён адзначыў, што выпадкі, калі можа быць прымененае смяротнае пакаранне, замацаваныя ў Крымінальным кодэксе.

Задзіран падкрэсліў, што пытанне аб прыпыненні прымянення смяротнага пакарання можа быць вырашанае "ў выпадку прыняцця адпаведнага закона", а нарматворчая дзейнасць у Беларусі "ажыццяўляецца, як правіла, на планавай аснове".

Намеснік міністра спаслаўся на закон аб нарматыўных прававых актах, які абвяшчае, што Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД) "штогод распрацоўвае планы падрыхтоўкі законапраектаў і ўносіць іх ва ўстаноўленым парадку на зацвярджэнне прэзідэнта". "Прапановы аб падрыхтоўцы законапраектаў (канцэпцый законапраектаў) на наступны каляндарны год накіроўваюцца ў цэнтр, як правіла, не пазней за 1 верасня года, які папярэднічае году, на які плануецца падрыхтоўка законапраектаў (канцэпцый законапраектаў)", — адзначыў Задзіран.

Дэпутаты ніжняй палаты парламента, звярнуў ён увагу, накіроўваюць свае прапановы аб падрыхтоўцы законапраектаў або іх канцэпцый у НЦЗПД, "як правіла, пасля іх разгляду саветам Палаты прадстаўнікоў". Прымаючы рашэнні аб тым, ці ўключаць праект закона ў план падрыхтоўкі законапраектаў, цэнтр ацэньвае "ступень паўнаты, неабходнасці і прыярытэтнасці прававога рэгулявання адпаведных грамадзянскіх адносін, запатрабаванасць законапраектаў грамадствам, а таксама абгрунтаванасць прававога рэгулявання адпаведных грамадзянскіх адносін на ўзроўні закона".

"Пры гэтым лічым магчымым адзначыць, што пытанне прыпынення выканання пакарання ў выглядзе смяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь на сённяшні дзень з'яўляецца дыскусійным. На гэты момант на базе Нацыянальнага сходу створаная рабочая група па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання, на пасяджэннях якой у тым ліку абмяркоўваецца пытанне прыпынення выканання пакарання ў выглядзе смяротнай кары. Менавіта парламент можа стаць асноўным месцам для вырашэння гэтага пытання з улікам грамадскай думкі", — напісаў Задзіран.

18 ліпеня дэпутат Алена Анісім накіравала законапраект "Аб прыпыненні выканання пакарання ў выглядзе смяротнай кары" на разгляд у Міністэрства юстыцыі і ўнутраных спраў. Адказ з МУС яна пакуль не атрымала.

Дакумент змяшчае ўсяго два артыкулы. У адным з іх гаворыцца аб прыпыненні дзеяння арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса аб выкананні смяротных прысудаў да моманту, пакуль гэтая мера пакарання не будзе цалкам скасаваная. Другі артыкул законапраекта прадугледжвае накіраванне асоб, у дачыненні да якіх ужо вынесены смяротны прысуд, у папраўчыя калоніі, дзе іх павінны ўтрымліваць у тых жа ўмовах, што і асуджаных да пажыццёвага зняволення.

Парламентарый мае намер дачакацца адказаў са згаданых органаў, прааналізаваць іх і пасля магчымага карэктавання ўнесці законапраект у Палату прадстаўнікоў з прапановай разгледзець яго на восеньскай сесіі.

Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання.

Паводле звестак праваабаронцаў, сёлета ў Беларусі быў прыведзены ў выкананне як мінімум адзін смяротны прысуд. 13 чэрвеня ім стала вядома аб расстрэле Аляксандра Жыльнікава, якога разам з Вячаславам Сухаркам прызналі вінаватым па справе аб забойстве трох чалавек у Мінску і Калодзішчах. Пра лёс Сухарко праваабаронцам дакладна не вядома, аднак яны схіляюцца да таго, што прысуд у дачыненні да яго таксама можа быць ужо выкананы.

30 ліпеня Віцебскі абласны суд прызнаў жыхара Віцебскага раёна Віктара Паўлава вінаватым у забойстве дзвюх пенсіянерак ў вёсцы Прысушына і прыгаварыў яго да смерці. Паўлаў стаў другім чалавекам, каму вынеслі смяротны прысуд з пачатку 2019 года. 9 студзеня Магілёўскі абласны суд прыгаварыў да вышэйшай меры пакарання жыхара Бабруйска Аляксандра Асіповіча, прызнанага вінаватым у двайным забойстве пры абцяжарвальных абставінах.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН