Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/12/ru_1013248_123/
Дата раздрукоўкі: 26.08.2019 08:48
12.08.2019 14:25 Палітыка, Грамадства

Губарэвіч: Кожная кампанія назірання выяўляе факты, якія не дазваляюць назваць выбары дэмакратычнымі, а парламент — легітымным

Мінск, 12 жніўня. Кожная кампанія назірання "Права выбару" выяўляе канкрэтныя факты парушэнняў, фальсіфікацый і махінацый, якія не дазваляюць назваць выбары ў Беларусі дэмакратычнымі, а парламент — легітымным. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 12 жніўня ў Мінску заявіў старшыня руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч.

"У беларускім грамадстве, у найбольш палітызаванай яго частцы, перад кожнай выбарчай кампаніяй ідзе дыскусія: ці трэба ў ёй удзельнічаць, ці праігнараваць яе, зладзіць байкот, навошта вылучаць кандыдатаў, калі ўсё роўна вядома, што сфальсіфікуюць, — адзначыў палітык. — Але, на жаль, мы жывем у такой сітуацыі, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі, асабліва яго знешнепалітычнае ведамства, усяляк спрабуе легітымізаваць дзейную ўладу — не столькі ў вачах беларускіх грамадзян, якім, можа быць, усё ясна, колькі ў вачах заходніх партнёраў. Пытанне прызнання Палаты прадстаўнікоў паўнавартасным органам ставіцца на кожнай выбарчай кампаніі ў парламент. І адзіная магчымасць паказаць, што гэты орган не выбіраецца людзьмі ў Беларусі, а фармуецца выключна па загадзе вертыкалі, — правесці паўнавартаснае назіранне".

"Гэтае назіранне нам патрэбнае не толькі для таго, каб зафіксаваць нейкія факты парушэнняў, але для таго, каб зрабіць выбары ў Беларусі свабоднымі і дэмакратычнымі. Гэта наша асноўная задача. Кожная кампанія дае нам магчымасць за кошт таго, што мы знаходзім парушэнні, фальсіфікацыі, махінацыі на выбарах, паказваць на канкрэтныя факты, якія не дазваляюць назваць выбары дэмакратычнымі і лічыць легітымным абранне парламента", — дадаў ён.

Як сцвярджае Губарэвіч, апазіцыйныя структуры з ліку арганізатараў кампаніі назірання вылучаюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты менавіта для таго, каб прадэманстраваць, як адбываюцца фальсіфікацыі. "У сітуацыі, калі няма альтэрнатыўных кандыдатаў, калі ніхто з апазіцыйных палітыкаў не праводзіць моцных кампаній, не працуе з электаратам, не атрымлівае рэальнай падтрымкі, уладам не трэба фальсіфікаваць выбары, — растлумачыў лідар руху "За Свабоду". — У гэтым выпадку на сталы, нарэшце, вываляць гэтыя бюлетэні і на вачах у міжнародных, мясцовых назіральнікаў падлічаць, паколькі, калі ўлада ўсё роўна забяспечвае "альтэрнатыву" на участках, няма ніякай розніцы, хто будзе названы пераможцам ад улады — стаўленік А ці стаўленік Б".

"Менавіта для гэтага мы выстаўляем сваіх кандыдатаў, атрымліваем падтрымку грамадства, распаўсюджваем інфармацыю пра свае прапановы, знаходзім доказы і ўплываем на тое, каб выбары ў рэшце рэшт праводзіліся зусім па іншых прынцыпах і падыходах", — падсумаваў палітык.

Кампанію назірання "Права выбару" праводзяць Аб'яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэты па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і Партыі свабоды і прагрэсу, рух "За Свабоду", Беларуская партыя "Зялёныя" і незалежны прафсаюз РЭП.

Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання пройдуць 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў — 17 лістапада 2019 года.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН