Лукашэнка пра затрыманне Андрэя Галавача: Гэта распушчанасць праваахоўных органаў

"Я не разумею, як можна затрымаць чалавека, пасадзіць яго ў следчы ізалятар (нават не ў турму, а ў следчы ізалятар — розніца зразумелая) і трымаць яго ў чатырох сценах чатыры гады? Трымаць гэтага чалавека і потым з-за недаказанасці адпусціць. Справа ў тым, што гэта распушчанасць праваахоўных органаў. І, у прыватнасці, хутчэй за ўсё, следства. Я з генеральным пракурорам буду разбірацца, чаму ён так "наглядае" за крымінальнымі справамі і за выкананнем закона", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Найбліжэйшым часам кіраўнік дзяржавы мае намер правесці нараду з праваахоўным блокам. "У найбліжэйшы час мы з усёй праваахоўнай сістэмай (хутчэй за ўсё, на наступным тыдні) сустрэнемся і пагаворым па надзённых пытаннях. Павінен проста сказаць, што апошняй кропляй, якая прымусіла мяне спланаваць такое мерапрыемства, што натуральна выклікала ў мяне насцярожанасць, — гэта празмернае зацягванне следчых дзеянняў. І апошні факт, пра які мяне праінфармавалі (я даручаў разабрацца ўжо Аператыўна-аналітычнаму цэнтру), — па галоўным інжынеры завода колавых цягачоў. Вы вялі следчыя дзеянні чатыры з лішнім гады і так нічога ў судзе не даказалі", — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, менавіта вынікі расследавання крымінальнай справы галоўнага інжынера МЗКЦ падштурхнулі яго да правядзення нарады з праваахоўнай сістэмай у цэлым: "Гэта не справа. Мы да людзей павінны ставіцца па-чалавечы".
Андрэй Галавач быў затрыманы вясной 2015 года паводле абвінавачання ў атрыманні хабару больш як на 180 тыс. рублёў (дэнамінаваных).
У лютым 2018 года суд апраўдаў Галавача, але адразу пасля вынясення апраўдальнага прысуду ён быў затрыманы ў зале суда паводле падазрэння ў атрыманні хабару на 192 тыс. долараў і 35 тыс. еўра.
Згодна з версіяй следства, гэтыя падзеі адбываліся ў 2008—2015 гадах. Абвінавачанне Галавачу выставілі на падставе чч. 2, 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) КК. Пракурор прасіў суд пакараць галоўнага інжынера МЗКЦ дзевяццю гадамі пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй маёмасці і штрафам у тысячу базавых велічынь (25,5 тыс. рублёў). Галавач сваю віну катэгарычна адмаўляў.
19 ліпеня гэтага года суд Першамайскага раёна Мінска цалкам апраўдаў Галавача, ён быў вызвалены ў зале суда пасля 50 месяцаў утрымання пад вартай.
29 ліпеня Генпракуратура апратэставала апраўдальны прысуд. "Намеснік генеральнага пракурора ўчора прынёс апеляцыйны пратэст у судовую калегію па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда, дзе паставіў пытанне аб адмене апраўдальнага прысуду і накіраванні справы на новы разгляд у сувязі з неадпаведнасцю высноў суда фактычным абставінам справы", — паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў.