Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/14/eu_1013575_1013576/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:34
14.08.2019 20:04 Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Меркель: Астравецкая АЭС павінна адпавядаць стандартам бяспекі

Мінск, 14 жніўня. Еўрасаюз павінен прыкласці ўсе намаганні, каб Астравецкая АЭС адпавядала стандартам бяспекі, заявіла канцлер Германіі Ангела Меркель па выніках сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам 14 жніўня ў Берліне.

"Мы гаварылі пра Беларусь і атамную станцыю. Германія падтрымлівае пазіцыю Літвы, што мерапрыемствы па арганізацыі бяспекі павінны быць выкананы да ўводу станцыі ў эксплуатацыю. І Еўрапейскі саюз таксама павінен прыкласці ўсе намаганні, каб гэтая атамная станцыя ў Астраўцы сапраўды адпавядала стандартам бяспекі, якія мы сабе ўяўляем, бо мы не можам падвяргаць сябе небяспецы", — сказала Меркель.

Паводле яе слоў, паляпшэнне стандартаў бяспекі атамных станцый было "вялікай задачай" для краін Балтыі "пасля ўступлення або ў сувязі з уступленнем у ЕС". "І гэта, вядома, павінна быць гарантавана і ў суседзяў, бо Астравец знаходзіцца за 50 км ад сталіцы Літвы Вільнюса", — адзначыла Меркель.

Гітанас Наўседа пацвердзіў абмеркаванне тэмы Астравецкай АЭС з Меркель. "Нам патрэбна падтрымка Германіі як адной з самых уплывовых краін Еўропы, і гэта тычыцца таксама пытанняў ядзернай бяспекі, перш за ўсё атамнай станцыі ў Астраўцы. Мы яшчэ раней падкрэслівалі, што гэтая станцыя будуецца па палітычных матывах. Рэкамендацыі па выніках стрэс-тэстаў не былі выкананы", — заявіў Наўседа.

"Нягледзячы на гэта, — адзначыў ён, — мы задаволеныя супрацоўніцтвам з Беларуссю. І ўсё ж такі мы просім сваіх партнёраў аб падтрымцы ў пытанні выканання патрабаванняў да бяспекі гэтай атамнай станцыі".

(Прэс-канферэнцыю Меркель і Наўседы транслявала ведамства федэральнага канцлера. Пераклад з нямецкай БелаПАН.)

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН