Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/14/ru_1013512_123/
Дата раздрукоўкі: 18.10.2019 09:07
14.08.2019 16:11 Грамадства

Свой 64-ты дзень нараджэння палітзняволены Міхаіл Жамчужны правядзе ў камеры калоніі ў Горках

Мінск, 14 жніўня. 14 жніўня спаўняецца 64 гады беларускаму палітвязню Міхаілу Жамчужнаму. Свой дзень нараджэння ён праводзіць у памяшканні камернага тыпу (ПКТ) папраўчай калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць), паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.

Удзельнічаў у дзейнасці праваабарончай арганізацыі "Платформа", якая займалася праблемай выканання правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. Пасля ліквідацыі "Платформы" стаў сузаснавальнікам новай арганізацыі — "Платформы Інавейшн".

Жамчужны быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія ўяўляюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, і даванні хабару. Жамчужнага прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Жамчужнага палітычным зняволеным. Яны лічаць, што турэмны тэрмін ён атрымаў за праваабарончую дзейнасць.

У месцах пазбаўлення волі Жамчужны працягвае займацца навуковай дзейнасцю. У нядаўнім лісце віцебскім праваабаронцам ён паведаміў, што завяршыў працу над манаграфіяй па тэме імпульснай плазмы і ў галіне новых метадаў палёту апаратаў цяжэйшых за паветра з гнуткім крылом. "Гэта новыя і прарыўныя дасягненні высокага ўзроўню", — піша навуковец.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, практычна ўсё лета Жамчужны правёў у штрафным ізалятары (ШІЗА). На працягу чэрвеня і ліпеня на яго было накладзена некалькі спагнанняў, сярод якіх — змяшчэнне ў ШІЗА тры разы на 10 сутак (10 чэрвеня, 30 чэрвеня і 10 ліпеня).

"За час знаходжання ў ПК-9 палітвязень неаднаразова зазнаваў жорсткія пакаранні ў выглядзе знаходжання ў памяшканні камернага тыпу і ШІЗА. На працягу апошніх двух гадоў ён правёў больш за 400 сутак у экстрэмальных умовах. Салідны ўзрост, ізаляцыя ад людзей, немагчымасць знаходзіцца на свежым паветры, дрэннае харчаванне — усё гэта выклікае трывогу за здароўе і жыццё палітвязня", — падкрэслівалі праваабаронцы.

Міхаіл Жамчужны ужо адбыў большую частку тэрміну. Ён павінен выйсці на волю ў студзені 2022 года.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН