Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/14/ru_1013537_123/
Дата раздрукоўкі: 19.08.2019 12:55
14.08.2019 16:29 Палітыка, Грамадства

Ярмошына прапанавала абмежаваць журналістам месца здымкі на выбарчых участках

Мінск, 14 жніўня. Беларусі, магчыма, варта пераняць расійскі вопыт жорсткага абмежавання журналістам месца для ведзення здымкі на выбарчых участках, заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на прэс-канферэнцыі 14 жніўня.

"Можа быць, і нам трэба па гэтым шляху пайсці: у Расійскай Федэрацыі на кожным участку вызначаюцца старшынёй месцы для вядзення здымкі, і выйсці за межы гэтага месца нельга, толькі з гэтага месца можна здымаць", — сказала яна.

"Калі вы будзеце прысутнічаць [на выбарчым участку] як журналіст, прадстаўнік СМІ, то, зразумела, вы можаце весці відэазапіс і фотаздымку, таму што журналістам такая магчымасць даецца, — заявіла Ярмошына, каментуючы парадак, што дзейнічае зараз. — Што тычыцца ўмоў, у якіх вы будзеце знаходзіцца, то гэта месца, якое вам вызначыць старшыня ўчастковай камісіі".

"Калі вы будзеце як назіральнік, то вы весці фота- і відэаздымку можаце толькі са згоды ўсіх членаў камісіі, якія будуць знаходзіцца за сталом", — дадала кіраўнік ЦВК.

На мінулым тыдні на сайце кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" было апублікаванае паведамленне аб тым, што Цэнтрвыбаркам зняў забарону для назіральнікаў на вядзенне фотаздымкі на выбарчых участках. Гэта вынікае з палажэнняў зацверджанага ў маі метадычнага дапаможніка па выбарах дэпутатаў для ўчастковых выбарчых камісій.

У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца: "Нягледзячы на тое што Выбарчы кодэкс не паказвае на права назіральнікаў ажыццяўляць фотаздымку ў памяшканні для галасавання, варта дазваляць назіральнікам па іх просьбе зрабіць некалькі фотаздымкаў. Пры гэтым назіральнік не павінен ствараць перашкоды для членаў участковай камісіі і выбаршчыкаў".

У дапаможніку таксама адзначана, што старшыня ўчастковай камісіі можа загадзя вызначыць месца, з якога дазваляецца зрабіць здымкі. Яно павінна быць пазначанае таблічкай з надпісам "Месца для фотаздымкі".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН