Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/16/eu_1013733_558899/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 04:01
16.08.2019 12:45 Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Латвійскі прэм`ер: Латвія не прымала рашэнне закупляць электрычнасць у Беларусі

Мінск, 16 жніўня. Прэм`ер-міністр Латвіі Крыш`яніс Карыньш абверг заяву прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы пра тое, што Латвія мае намер закупляць электраэнергію ў Беларусі "ў абход літоўскага байкоту". Паводле слоў латвійскага прэм`ера, здарылася непаразуменне.

"Я баюся, што ён (Наўседа. — БелаПАН.), верагодна, не цалкам праінфармаваны наконт таго, што адбываецца, — цытуе Карыньша сайт Skaties.lv. — Я магу яшчэ раз паўтарыць: латвійскі ўрад не прыняў рашэнне закупляць электрычнасць у Беларусі. Пра гэта наогул не ідзе гаворкі".

13 жніўня на сайце Міністэрства эканомікі Латвіі было апублікаванае паведамленне аб тым, што ўрад краіны прыняў рашэнне арганізаваць гандаль электрычнасцю з краінамі па-за Еўрасаюзам непасрэдна цераз латвійскую мяжу ў мэтах змякчэння рызык магчымага скарачэння патоку электраэнергіі або адмоўных ваганняў тарыфаў на гэты рэсурс.

"У цяперашні час гандаль электраэнергіяй паміж краінамі Балтыі і трэцімі краінамі абмяжоўваецца літоўска-беларускай мяжой, — адзначаецца ў паведамленні. — У той жа час літоўскі бок ужо акрэсліў сваю пазіцыю адносна закрыцця мяжы для гандлю з трэцімі краінамі з пачаткам эксплуатацыі АЭС у Астраўцы, які запланаваны на пачатак 2020 года (увод у эксплуатацыю першага энергаблока Беларускай АЭС запланаваны на снежань 2019-га. — БелаПАН.). Каб даць магчымасць ураду Латвіі своечасова прыняць рашэнне аб далейшых кроках па арганізацыі гандлю электраэнергіяй з трэцімі краінамі, Міністэрства эканомікі падрыхтавала і разгледзела інфармацыйную справаздачу па гандлі электраэнергіяй Балтыі з трэцімі краінамі на пасяджэнні Кабінета міністраў 13 жніўня".

"У мэтах своечасовага змякчэння рызык магчымага скарачэння патоку электраэнергіі або адмоўных ваганняў тарыфаў Кабінет міністраў падтрымаў прапанову Міністэрства эканомікі перанесці гандаль электраэнергіяй на латвійскую мяжу ў той момант, калі Літва прыпыніць гандаль электраэнергіяй з Беларуссю. Гэтае рашэнне забяспечыць захаванне ўмоў гандлю з трэцімі краінамі на ранейшым узроўні. Латвія параілася з Літвой, Эстоніяй і Еўрапейскай камісіяй аб рэалізацыі такога рашэння", — падкрэслілі ў міністэрстве.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падчас размовы з журналістамі ўвечары 14 жніўня ў Берліне са шкадаваннем адзначыў, што ўрад Латвіі прыняў рашэнне закупляць электраэнергію, якая будзе вырабляцца на БелАЭС, не дачакаўшыся заканчэння кансультацый з Міністэрствам энергетыкі Літвы. "Рашэнне Латвіі — палітычнае рашэнне. Наколькі я ведаю, з Міністэрствам энергетыкі Літвы былі праведзеныя кансультацыі, але рашэнне было прынятае да заканчэння кансультацый, пра што варта шкадаваць", — заявіў ён.

Літва з`яўляецца найбольш актыўным крытыкам будаўніцтва Беларускай АЭС у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці — блізу мяжы паміж дзяржавамі і непадалёк ад літоўскай сталіцы. У Вільнюсе перакананыя, што яе будаўніцтва вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе. 15 чэрвеня 2017 года літоўскі сейм прыняў закон аб прызнанні АЭС, якая будуецца ў Беларусі, небяспечнай: яна ўяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і грамадскага здароўя. Раней парламент Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расіі. Літва таксама заклікала суседзяў з ЕС (Латвію, Эстонію, Польшчу і Фінляндыю) не купляць электраэнергію з атамных электрастанцый у Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН