Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/16/ru_1013746_896547/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 04:01
16.08.2019 14:37 Грамадства, Эканоміка

Мінгарсуд разглядае апеляцыю Генпракуратуры на апраўдальны прысуд Андрэю Галавачу

Мінск, 16 жніўня. Мінскі гарадскі суд 16 жніўня пачаў разгляд апеляцыі Генеральнай пракуратуры на апраўдальны прысуд галоўнаму інжынеру Мінскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ) Андрэю Галавачу.

Апеляцыю разглядае судовая калегія пад старшынствам Сяргея Хрыпача. У яе складзе суддзі Пётр Арлоў і Валянціна Зянькевіч.

Андрэй Галавач быў затрыманы вясной 2015 года паводле абвінавачання ў атрыманні хабару больш як на 180 тыс. рублёў (дэнамінаваных).

У лютым 2018 года суд апраўдаў Галавача, але адразу ж пасля вынясення апраўдальнага прысуду ён быў затрыманы згодна з падазрэннем у атрыманні хабару на 192 тыс. долараў і 35 тыс. еўра.

Паводле версіі следства, гэта адбылося ў 2008—2015 гадах. Абвінавачанне Галавачу выставілі на падставе чч. 2, 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) КК. Пракурор прасіў суд пакараць галоўнага інжынера МЗКЦ дзевяццю гадамі пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй маёмасці і штрафам у тысячу базавых велічынь (25,5 тыс. рублёў). Галавач віну катэгарычна адмаўляў.

19 ліпеня гэтага года суд Першамайскага раёна Мінска цалкам апраўдаў Галавача, ён быў вызвалены ў зале суда пасля 50 месяцаў утрымання пад вартай.

29 ліпеня Генпракуратура апратэставала апраўдальны прысуд. "Намеснік генеральнага пракурора ўчора прынёс апеляцыйны пратэст у судовую калегію па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда, дзе паставіў пытанне аб адмене апраўдальнага прысуду і накіраванні справы на новы разгляд у сувязі з неадпаведнасцю высноў суда фактычным абставінам справы", — паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў.

13 жніўня на сустрэчы са старшынёй Следчага камітэта Іванам Наскевічам Аляксандр Лукашэнка абурыўся працяглым утрыманнем Галавача пад вартай. "Я не разумею, як можна затрымаць чалавека, пасадзіць яго ў следчы ізалятар (нават не ў турму, а ў следчы ізалятар — розніца зразумелая) і трымаць яго ў чатырох сценах чатыры гады? Трымаць гэтага чалавека і потым за недаказанасцю адпусціць. Справа ў тым, што гэта распушчанасць праваахоўных органаў. І, у прыватнасці, хутчэй за ўсё, следства. Я з генеральным пракурорам буду разбірацца, чаму ён так "наглядае" за крымінальнымі справамі і за выкананнем закона", — заявіў Лукашэнка.

Ён паведаміў, што найбліжэйшым часам правядзе нараду з праваахоўным блокам "па надзённых пытаннях". "Павінен проста сказаць, што апошняй кропляй, якая прымусіла мяне спланаваць такое мерапрыемства, што натуральна выклікала ў мяне насцярожанасць, — гэта празмернае зацягванне следчых дзеянняў. І апошні факт, пра які мяне праінфармавалі (я даручаў разабрацца ўжо Аператыўна-аналітычнаму цэнтру), — па галоўным інжынеры завода колавых цягачоў. Вы вялі следчыя дзеянні чатыры з лішнім гады і так нічога ў судзе не даказалі", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, менавіта вынікі расследавання крымінальнай справы галоўнага інжынера МЗКЦ падштурхнулі яго да правядзення нарады з праваахоўнай сістэмай у цэлым. "Гэта не справа. Мы да людзей павінны ставіцца па-чалавечы", — сказаў Лукашэнка.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН