Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/20/ru_1014113_225588/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:25
20.08.2019 13:02 Грамадства

Лукашэнка разлічвае на кардынальныя змены ў праваахоўнай сферы

Мінск, 20 жніўня. Аляксандр Лукашэнка разлічвае на кардынальныя змены да лепшага ў праваахоўнай сферы і ліквідацыю ўсіх недахопаў. Пра гэта ён заявіў 20 жніўня на нарадзе аб якасці працы праваахоўных органаў па выяўленні і расследаванні злачынстваў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Мы сабраліся не для таго, каб даць справаздачу адзін перад адным, а я — сказаць прыгожыя словы перад грамадствам. Нас будуць вінаваціць, што выбары і іншае. Справа абсалютна не ў выбарах, — падкрэсліў Лукашэнка. — Мы будзем казаць шмат непрыемных рэчаў, прынамсі, я нацэльваю вас на гэта".

Ён папярэдзіў прысутных, што сустрэча "ў рамках гэтай нарады павінна стаць гістарычнай". "Гістарычнай у тым сэнсе, што ў гэтай зале сабраліся ўсе тыя, ад каго залежыць суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны, у іх аснове ляжыць стабільнасць. А ў аснове гэтай стабільнасці ляжыць унутрыпалітычная сітуацыя ў нашай дзяржаве і давер людзей да ўлады. Дык вось, у гэтай зале сабраліся ўсе тыя, хто вызначае лёс краіны і, давайце не будзем крывіць душой, лёс кожнага з грамадзян. Ад нас з вамі залежыць, якой будзе краіна, як будуць жыць нашы людзі і якімі будуць гэтыя людзі", — сказаў Лукашэнка.

"Мы часта кажам: дзякуй богу, што гэта не ў нас. Дзякуй богу, што мы не нарадзілі ў краіне клас алігархаў, якія не проста разрульваюць тыя ці іншыя сітуацыі, а і рулююць краінай. Мы не дазволілі бандытам і злачынцам падзяліць краіну на часткі, "крышаваць" гэтыя часткі, паразітуючы на нашых людзях. Гэта найвялікшае дасягненне не толькі апошняга часу, але ўсяго перыяду незалежнай Беларусі. І гэта зроблена дзякуючы той палітыцы, якую праводзіць улада, і таму, што робіце вы — прадстаўнікі праваахоўных органаў", — лічыць Лукашэнка.

Нараду з праваахоўным блокам кіраўнік дзяржавы анансаваў 13 жніўня на сустрэчы са старшынёй Следчага камітэта Іванам Наскевіч. "Найбліжэйшым часам мы з усёй праваахоўнай сістэмай (хутчэй за ўсё, на наступным тыдні) сустрэнемся і пагаворым па надзённых пытаннях. Павінен проста сказаць, што апошняй кропляй, якая прымусіла мяне спланаваць такое мерапрыемства, што натуральна выклікала ў мяне насцярожанасць, — гэта празмернае зацягванне следчых дзеянняў", — сказаў Лукашэнка. У прыватнасці, дадаў ён, гэта сітуацыя з галоўным інжынерам Мінскага завода колавых цягачоў Андрэем Галавачом, які правёў 50 месяцаў у следчым ізалятары і быў апраўданы судом.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН