Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/24/ru_1014572_558476/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 02:24
24.08.2019 11:15 Эканоміка

Абноўленая праграма дзеянняў па рэалізацыі саюзнага дагавора можа быць парафіяваная ў пачатку верасня

Мінск, 24 жніўня. Абноўленая праграма дзеянняў па рэалізацыі саюзнага дагавора можа быць парафіяваная прэм'ер-міністрамі Беларусі і Расіі ў пачатку верасня, паведаміў кіраўнік беларускага ўрада Сяргей Румас 23 жніўня ў праграме "Размова ў прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1".

"Для таго каб да 1 снежня мы падышлі з падрыхтаваным для падпісання кіраўнікамі дзяржаў пакетам дакументаў, трэба сёння вельмі шчыльна папрацаваць міністэрствам і ў цэлым ўраду, — сказаў Румас. — Вы ведаеце, што дакумент, над якім сёння працуе рабочая група Крутой — Арэшкін (міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Крутой і міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін. — БелаПАН.) і да якой ужо далучыліся і прэм'ер-міністры Расіі і Беларусі — гэта абноўленая праграма дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў саюзнага дагавора".

Паводле слоў прэм'ер-міністра, 23 жніўня падчас дакладу ён праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку, што сёння гэтая праграма практычна ўзгодненая. "З кіраўніком дзяржавы неабходна было абмеркаваць некалькі прынцыповых момантаў, закладзеных у гэтай праграме, і, у прынцыпе, кіраўнік дзяржавы ўхваліў падыходы, якія ўзгадніў урад са сваімі калегамі, і мы ў аўторак (27 жніўня. — БелаПАН.) ужо ўнясем кіраўніку дзяржавы праект гэтай праграмы для яе ўхвалення, для таго, каб ужо ў пачатку верасня — у мяне ёсць дамоўленасць з маім калегам Дзмітрыем Анатольевічам Мядзведзевым — прэм'ер-міністры парафіявалі гэтую праграму дзеянняў", — паведаміў Румас.

Кіраўнік урада растлумачыў, чаму важнае парафіяванне дакумента: "Згодна з гэтай праграмай дзеянняў, да 1 лістапада ў асноўным дзяржаўныя органы павінны распрацаваць 28 дарожных карт па розных сектарах эканомікі. Калі сцісла сказаць сутнасць гэтай праграмы, то рэалізацыя яе канцэпцыі будзе азначаць выкананне наступнага прынцыпу: дзве краіны — адзін рынак. У гэтай праграме няма пытанняў палітычнага характару, якія дзесьці бударажаць у СМІ. Я разумею, што гэта, напэўна, адбываецца часткова і таму, што да гэтага перамоўшчыкі не раскрывалі ход перамоў, палажэнняў гэтай праграмы. Але, я думаю, пасля парафіявання ўрады дзвюх краін апублікуюць яе для таго, каб у грамадскасці былі знятыя нейкія асцярогі з нагоды пытанняў суверэнітэту і іншых".

Як заявіў Румас, праграма скіраваная на "рэалізацыю чыста эканамічных палажэнняў і прадугледжвае механізмы, пры якіх на дзве краіны будзе функцыянаваць адзіны рынак". "Прадпрыемствы на агульным рынку павінны працаваць у роўных умовах. Пад роўнымі ўмовамі мы разумеем аднолькавыя цэны на энерганосьбіты як асноўную частку выдаткаў прадпрыемстваў. Гэта аднолькавы падатковы цяжар, гэта аднолькавыя рэгулятарныя патрабаванні да прадпрыемстваў", — адзначыў прэм'ер-міністр. Названы набор інструментаў, сказаў ён, павінен дазволіць беларускім прадпрыемствам атрымаць доступ на расійскі рынак і расійскім — на беларускі "без дадатковых бар'ераў".

У канцы 2018 года Масква ініцыявала больш цесную інтэграцыю Расіі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы. У снежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп "для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін".

18 ліпеня на перамовах у Санкт-Пецярбургу Лукашэнка прапанаваў Пуціну вырашыць усе праблемы інтэграцыі да снежня, калі будзе адзначацца 20-годдзе падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін 9 жніўня паводле вынікаў сустрэчы кіраўнікоў урадаў Дзмітрыя Мядзведзева і Сяргея Румаса заявіў, што Расіі і Беларусі ўдалося зняць практычна ўсе рознагалоссі па пытаннях інтэграцыі. Згодна з яго словамі, на працягу месяца прэм`ер-міністры могуць фіналізаваць дасягнутыя дамоўленасці.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239