Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/08/29/ru_1015162_1015163/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 08:55
29.08.2019 16:38 Палітыка

Болтан: ЗША цікавяць у Беларусі пытанні правоў чалавека і нераспаўсюджвання зброі

Мінск, 29 жніўня. Дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан падчас перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам 29 жніўня ў Мінску канкрэтызаваў тэмы, якія хацеў бы абмеркаваць падчас свайго візіту, — гэта правы чалавека і нераспаўсюджванне зброі.

"Лічу, гэта вельмі добрая магчымасць правесці размову па некалькіх вельмі важных тэмах — рэгіянальнай бяспецы, двухбаковым супрацоўніцтве. Ёсць некалькі пытанняў, якія вельмі цікавяць ЗША: правы чалавека, нераспаўсюджванне зброі. Я згодны з вамі, што мы павінны быць вельмі адкрытыя па гэтых тэмах. Думаю, мы зможам знайсці агульную мову", — цытуе Болтана прэс-служба Лукашэнкі.

Дарадца Дональда Трампа таксама адзначыў "значныя змены", якія адбыліся ў адносінах паміж Беларуссю і ЗША. "Гісторыя не стаіць на месцы. Ужо прайшло дастаткова шмат часу з распаду Савецкага Саюза, геапалітычная сітуацыя змянілася. Яна мяняецца нават падчас нашай размовы. Таму ёсць рэгіянальныя пытанні, ёсць пытанні, звязаныя з краінамі, якія геаграфічна знаходзяцца далёка адсюль, але яны таксама ўплываюць на сітуацыю тут. Гэта мы таксама хацелі б абмеркаваць з вамі", — сказаў Болтан.

Як паведамлялася раней, перад пачаткам сустрэчы Лукашэнка прапанаваў "абмеркаваць адкрыта, нават па-сяброўску" ўсе пытанні беларуска-амерыканскіх адносін. "Нягледзячы на ўсю шуміху, якая адбываецца вакол вашай паездкі, тут шмат станоўчага, асабліва для Беларусі. Станоўчае заключаецца ў тым, і нас ніхто ў гэтым не папракне (і вы, напэўна, ведаеце пра гэта), што мы ўвесь час з моманту пагаршэння нашых адносін з ЗША прапаноўвалі закрыць гэтую нядобрую старонку і пачаць з новага ліста нашы адносіны", — заявіў ён.

Як паведаміла пасольства ЗША, прыбыўшы сёння днём у Мінск, Болтан адразу ж наведаў мемарыял "Яма", які ўстаноўлены ў памяць пра ахвяр Мінскага гета, пакараных 2 сакавіка 1942 года.

На сённяшнім брыфінгу ў МЗС прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз паведаміў, што дарадца прэзідэнта ЗША плануе правесці перамовы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

Прыезд Болтана стаў першым візітам прадстаўніка ЗША ў Беларусь на вышэйшым узроўні з пачатку XXI стагоддзя. Да яго з ліку амерыканскіх чыноўнікаў высокага рангу Беларусь у гэтым стагоддзі наведвалі памочнікі дзяржаўнага сакратара Філіп Гордан (2009 год) і Уэс Мітчэл (2018 год).

Каментуючы раней візіт Болтана ў Мінск, былы намеснік памочніка міністра абароны ЗША па Расіі, Украіне і Еўразіі Майкл Карпентэр заявіў, што палітыка ставіцца да Беларусі "як да чорнай дзіркі і ігнараваць яе" пацярпела няўдачу. "Гэта не прывяло да прасоўвання наперад у галіне правоў чалавека", — дадаў ён.

Крэмль расцэньвае візіт Болтана ў Беларусь як унутраную справу Мінска, заявіў 28 жніўня журналістам у Маскве прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Ён заўважыў, што казаць аб цесным супрацоўніцтве Мінска і Вашынгтона пакуль не даводзіцца, "гэта — візіт на працоўным узроўні".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239