Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/02/ru_1015430_874596/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 03:23
02.09.2019 09:32 Эканоміка, Фінансы

На зарплаты бюджэтнікам у 2020 годзе запланавана больш за 10 млрд рублёў

Мінск, 2 верасня. У 2020 годзе, згодна з папярэдняй ацэнкай уладаў, расходы на выплату заработнай платы бюджэтнікам могуць павялічыцца на 1,4 млрд рублёў. Паводле звестак БелаПАН, праект кансалідаванага бюджэту на наступны год прадугледжвае, што на аплату працы работнікаў бюджэтных арганізацый будзе накіравана 10,1 млрд рублёў.

1 верасня ў Беларусі павышаныя зарплаты бюджэтнікам: стаўка першага разраду — на 12,6%, з 36,4 да 41 рубля. У цэлым на павышэнне аплаты працы бюджэтнікаў будзе накіравана дадаткова 300 млн рублёў да канца гэтага года, паведаміла на мінулым тыдні прэс-служба прэзідэнта паводле вынікаў сустрэчы кіраўніка дзяржавы з віцэ-прэм`ерамі.

Згодна са звесткамі БелаПАН, праекты рэспубліканскага і кансалідаванага бюджэту на 2020 год таксама прадугледжваюць дадатковыя расходы дзяржавы на павышэнне зарплат бюджэтнікам і пенсій.

У прыватнасці ў 2020 годзе плануецца павялічыць расходы на аплату працы работнікаў бюджэтнай сферы за кошт сродкаў кансалідаванага бюджэту амаль на 16% у параўнанні з 2019 годам — да 10,1 рублёў. Таксама прадугледжана, што амаль на 280 млн рублёў, да 1,96 млрд, павялічацца трансферты з рэспубліканскага бюджэту ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва на павышэнне пенсій.

На думку назіральнікаў, дадатковыя расходы дзяржавы на павышэнне зарплат бюджэтнікам і пенсій звязаныя з пачаткам перадвыбарнага цыкла.

"Рост даходаў найменш забяспечаных катэгорый насельніцтва (пенсіянераў, бюджэтнікаў) дазволіць знізіць матэрыяльнае расслаенне ў грамадстве. Такі падыход адпавядае мэтам уладаў у цэлым і можа прынесці палітычныя дывідэнды напярэдадні выбарчай кампаніі ў прыватнасці", — лічыць фінансавы аналітык Аляксандр Муха.

Пры гэтым назіральнікі ўспамінаюць, што папярэднія прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, у 2015—2016 гадах, праходзілі без значнага павышэння зарплат у перадвыбарны перыяд.

"Папярэднія выбары абышліся без папулізму, але тады і магчымасці не было. Значнага прафіцыту ў бюджэце, каб раздаць грошы электарату, тады не было, таму, спасылаючыся на рэцэсію ў эканоміцы, дзяржава паводзіла сябе сціпла. Гэтым разам грошы на павышэнне зарплат бюджэтнікам з`явіліся, таму гэта і робіцца", — мяркуе старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб.

Пры гэтым эксперты чакаюць, што з 2021 года, калі ў краіне завершацца выбарчыя кампаніі, магчымасцей для далейшага павышэння зарплат бюджэтнікам не будзе. На думку аналітыкаў, з-за верагоднага скарачэння нафтавых даходаў у бюджэце не будзе вялікага прафіцыту, які мог бы накіроўвацца на павелічэнне сацыяльных выплат.

"Улады будуць імкнуцца вярстаць яго такім чынам, каб ён быў бездэфіцытным. Адпаведна, у такіх умовах варта чакаць стабілізацыі зарплат у бюджэтнай сферы пасля выбараў, а не іх далейшага росту", — рэзюмаваў Іосуб.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН