Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/02/ru_1015460_123/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 03:29
02.09.2019 15:04 Грамадства, Палітыка

Лукашэнка пра змены антынаркатычнага заканадаўства: Адпусцім, але крыху

Мінск, 2 верасня. Пра магчымыя змены ў антынаркатычнае заканадаўства Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас гутаркі 2 верасня са старшакласнікамі сталічнай школы № 93 у мікрараёне Вялікі Лес.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, "гутарка зайшла пра здаровы лад жыцця, шкоду празмернага ўжывання алкаголю і курэння". "Пра наркотыкі проста нават казаць не хачу, — сказаў Лукашэнка. — Нядаўна мы законы прынялі вельмі жорсткія. Што цяпер ужо маці тых, хто трапіў у месцы не гэтак аддаленыя, просяць змякчыць гэты закон. Гэта па маёй ініцыятыве былі прынятыя адпаведныя законы. Прытым, ну дзесьці мы, напэўна, перагнулі. Той, хто наркотыкі спажывае, — хворы чалавек. І я лічыў, што іх трэба выхоўваць працай — у калоніі. Мы іх выхоўваем і перавыхоўваем, але страшная ломка, калі цябе асабліва без медыцыны пачынаюць адвучваць ад гэтага. Таму дзесьці, напэўна, мы павінны больш іх лячыць. Але не дараваць тым, хто спажывае".

Лукашэнка паведаміў, што гатовы сустрэцца з бацькамі падлеткаў, асуджаных за наркотыкі. "Думаю, трэба сустрэцца з гэтымі бацькамі, якія хочуць са мной сустрэцца, — сказаў ён. — Але ім жа трэба нешта сказаць, і ў гэтых адносінах мы думаем, што зрабіць. А тым, хто сюды прывозіць, распаўсюджвае наркотыкі, ніякай літасці не будзе. Чалавек, які ўжывае наркотыкі, здольны на ўсё. Гэта страшныя людзі. З тымі, хто з`яўляецца крыніцай гэтага страшнага зла, мы будзем гэтак жа і паступаць".

Паводле слоў Лукашэнкі, уводзіць абмежаванні і забароны, у тым ліку па курэнні ў грамадскіх месцах, у частцы продажу тытуню, "трэба акуратна і паступова". "Па антынаркатычным заканадаўстве мы пераканаліся, што мы даволі жорстка гэта зрабілі. Адпусцім, але крыху", — сказаў ён.

Пра сустрэчу з Лукашэнкам неаднаразова прасілі маці маладых людзей, асуджаных па антынаркатычным артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса. У прыватнасці сустрэча з кіраўніком дзяржавы была адным з асноўных патрабаванняў актывістак ініцыятывы "Маці 328", якія з 11 чэрвеня па 3 ліпеня праводзілі галадоўку ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Акрамя сустрэчы з Лукашэнкам яны патрабавалі сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай і міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым, а таксама карэкціроўкі антынаркатычнага артыкула і стварэння камісіі па пераглядзе крымінальных спраў ужо асуджаных па арт. 328. Жанчыны спынілі галадоўку пасля таго, як з імі пагадзіліся сустрэцца Качанава і Караеў.

Акрамя таго, група маці маладых людзей, асуджаных па артыкуле 328 КК, правяла некалькі пікетаў у Мінску з патрабаваннем, каб Адміністрацыя прэзідэнта ўзяла пад кантроль перагляд крымінальных спраў іх дзяцей "на прадмет законнасці, справядлівасці і абгрунтаванасці" вынесеных прысудаў.

Удзельнікі пікетаў таксама прасілі прыняць меры па "ліквідацыі дапушчаных парушэнняў і садзейнічаць прызначэнню справядлівых пакаранняў"; улічыць іх прапановы па змене артыкула 328 "для далейшага прадстаўлення ў ПП НС".

13 чэрвеня 2019 года Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні папраўкі, якія прадугледжваюць зніжэнне на два гады ніжніх межаў пакарання па чч. 2 і 3 арт. 328 КК. 23 ліпеня Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ. Як тлумачылі БелаПАН у парламенце, згодна з гэтымі папраўкамі для тых, хто ўжо асуджаны па чч. 2 і 3 арт. 328 КК, магчымы перагляд спраў, але не аўтаматычна, а пасля хадайніцтва асуджаных.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН