Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/03/eu_1015537_458798/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 03:26
03.09.2019 09:12 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Нямецкія палітыкі: Беларуская незалежнасць — у стратэгічнай цікавасці ЕС

Берлін, 3 верасня. З артыкулам пра небяспеку ўваходжання Беларусі ў склад Расіі выступілі ў аўтарытэтнай нямецкай газеце Frankfurter Allgemeine Zeitung мясцовыя палітыкі — члены партыі "Зялёныя" Марылуізе Бек і Ральф Фюкс.

Матэрыял заснавальнікаў берлінскага інтэлектуальнага Цэнтра ліберальнай сучаснасці — былога дэпутата бундэстага, спікера фракцыі па пытаннях усходнееўрапейскай палітыкі Марылуізэ Бек і яе мужа экс-прэзідэнта Фонду Генрыха Бёля Ральфа Фюкса быў апублікаваны 2 верасня пад загалоўкам "Пуцін хапаецца за Беларусь".

"Беларусь пасля няўдалага дэмакратычнага руху 2010 года ў значнай ступені знікла з еўрапейскай публічнай сферы. Гэта можа апынуцца памылкай. Краіна стала найноўшым месцам расійскіх вялікадзяржаўных амбіцый. У асноўным незаўважна для Захаду Пуцін узмацняе націск, каб прымусіць Беларусь да дзяржаўнага саюза. Гэта азначала б канец беларускай незалежнасці і значна змяніла б стратэгічную сітуацыю ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе", — лічаць аўтары.

"Сёння ясна, што Беларусь можа апусціцца да ўзроўню маскоўскай правінцыі, — перакананыя нямецкія палітыкі. — Пасля анексіі Крыма аншлюс быў бы чарговым трыумфам Пуціна, які карэктуе гісторыю. У распадзе Савецкага Саюза ён бачыць, як вядома, "найвялікшую геапалітычную катастрофу XX стагоддзя". Адначасова Саюзная дзяржава адкрыла б Пуціну зручны шлях да новага прэзідэнцтва пасля заканчэння цяперашняга тэрміну паўнамоцтваў.

"Найважнейшым рычагом" Масквы аўтары называюць "эканамічную залежнасць рэжыму". "Да 10% беларускага ВУП залежыць ад добрай волі Крамля. Да яе адносяцца нізкія цэны на нафту і газ, бязмытны ўвоз у Расію прадукцыі сельскай гаспадаркі і прамысловасці, а таксама крэдыты, якія дазваляюць Лукашэнку падтрымліваць статус-кво ўнутры краіны", — адзначаюць Бек і Фюкс. На іх думку, тым самым Расія робіць недвухсэнсоўны намёк: "Або вы ідзяце пад наша крыло, або мы адмяняем вам льготы". Паралельна Крэмль "умацоўвае свае палітычныя сеткі".

Пакуль Лукашэнку ўдаецца "стрымлівае супраціў", ён "адкрыта не ставіць пад сумнеў саюзны дагавор, але настойвае на беларускім суверэнітэце". "Ён не хоча станавіцца намеснікам на пуцінскую ласку і хоча трымаць убаку сваю краіну ад канфлікту Расіі з Захадам. Анексію Крыма ён разглядае як папераджальны сігнал. Ва ўкраінскім канфлікце ён паводзіць сябе нейтральна, што не падабаецца Крамлю. Да гэтага часу Лукашэнка адмаўляўся ад новай расійскай авіябазы. Новая ваенная дактрына рэжыму абвяшчае кругавую абарону. Пасыл зразумелы", — пішуць аўтары артыкула.

На іх думку, у пытанні абароны ад "абдымкаў Крамля" інтарэсы рэжыму ў Мінску і нацыянальныя інтарэсы краіны супадаюць. Большасць насельніцтва "хоча незалежную беларускую дзяржаву з добрымі адносінамі як з Расіяй, так і з ЕС".

"Беларуская незалежнасць ляжыць у стратэгічнай цікавасці ЕС, — перакананыя нямецкія палітыкі. — Калі Пуціну ўдасца праглынуць Беларусь, для мясцовай апазіцыі, роўна як і для расійскай грамадзянскай супольнасці, гэта стане ўдарам па ўсіх надзеях на дэмакратычныя пераўтварэнні. Не менш важна, што месца дыслакацыі расійскіх войскаў, уключаючы ядзерныя ракеты, будзе перанесенае непасрэдна да польскай і літоўскай мяжы".

Як лічаць аўтары, рознасць палітычнага, эканамічнага і ваеннага патэнцыялу не дазволіць Лукашэнку бясконца супраціўляцца націску Крамля, калі Захад "не адкрые яму альтэрнатыўныя прасторы для манеўру": пагадненне аб партнёрстве, аблегчаны доступ на еўрапейскі ўнутраны рынак, супрацоўніцтва ў сферы энергаэфектыўнасці і аднаўлянай энергіі, падтрымка сярэдняга бізнесу. На парадак дня можа быць вынесенае таксама прыняцце Беларусі ў Савет Еўропы "пры ўмове, што Лукашэнка гатовы адмяніць смяротнае пакаранне і прызнаць Еўрапейскі суд па правах чалавека".

"ЕС павінен знайсці шлях умацавання беларускай незалежнасці без легітымацыі дыктатарскага праўлення Лукашэнкі", — лічаць Бек і Фюкс. "Любое супрацоўніцтва з аўтарытарным рэжымам раўназначнае хаджэнню па вастрыі нажа. Гэта адносіцца да Беларусі, як і да Расіі ці Саудаўскай Аравіі", — адзначаюць яны і задаюць пытанне: "Якія мінімальныя патрабаванні неабходна вылучыць перад Лукашэнкам як цану за збліжэнне з ЕС?"

Аўтары даюць такі адказ: "Палітычны ландшафт у Беларусі з 2010 года змяніўся. Там, дзе дэспатычны кіраўнік дзяржавы арыштоўваў або разганяў палітычную апазіцыю, цяпер узнікае новае. Пакуль яшчэ многае пахне калгасам і Homo sovieticus, але ёсць рух у маладым пакаленні. Для яго больш важна адкрыццё прастораў для актыўнай грамадзянскай супольнасці, чым лабавая і зараз безнадзейная канфрантацыя з рэжымам. Надзея на перамены — у больш шырокай грамадскай самаарганізацыі. Гэта могуць быць ініцыятывы сумеснага ўладкавання гарадоў, пратэст супраць забруджвання навакольнага асяроддзя або крытычная альтэрнатыўная грамадская думка ў інтэрнэце. ЕС не можа і не павінен гарантаваць Лукашэнку пажыццёвае праўленне. Але ён мог бы паабяцаць паляпшэнне адносін з Захадам, не прывязваючы гэта да ўмоў, якія неадкладна прывядуць да яго (Лукашэнкі. — БелаПАН.) адстаўкі. Як мінімум ён павінен запатрабаваць ад Лукашэнкі даць грамадзянскай супольнасці магчымасць дыхаць. Дэмакратыя расце знізу".

Аўтары артыкула заклікаюць "не адстаўляць Беларусь убок" і "ні ў якім разе не разглядаць яе як пярэдні двор Масквы". "Там шмат тых, хто адчувае сябе еўрапейцам. Візавая свабода, стыпендыяльныя праграмы і культурны абмен сталі б кіслародам для дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці. Падтрымка малога і сярэдняга прадпрымальніцтва зменшыла б залежнасць ад магутнай дзяржавы. На гэтых каталізатарах перамен павінна канцэнтравацца беларуская палітыка ЕС", — заключаюць Марылуізэ Бек і Ральф Фюкс.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН