Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/03/ru_1015559_587412/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 03:26
03.09.2019 10:52 Палітыка

Лукашэнка: Прыйшоў час усім краінам аб'яднацца ў сістэмнай барацьбе з тэрарызмам

Мінск, 3 верасня. Тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз глабальнай бяспецы, заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 верасня ў Мінску, выступаючы на адкрыцці міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам.

"Наша сённяшняя канферэнцыя прысвечаная інавацыйным метадам барацьбы з тэрарызмам, — сказаў ён. — Гэтая тэма надзвычай важная для арганізацыі бяспекі кожнай дзяржавы, на якім бы кантыненце яна ні знаходзілася. Тэрарызм не ведае межаў — ні дзяржаўных, ні маральных. Яго ахвяры — звычайныя людзі, сярод якіх старыя, жанчыны і дзеці. Яго метады — жорсткія і бесчалавечныя. Тэхналогіі, што выкарыстоўваюцца ў падрыхтоўцы тэрарыстычных нападаў, развіваюцца з хуткасцю сусветнага інфармацыйнага і тэхнічнага прагрэсу".

Паводле слоў Лукашэнкі, тэрарызм з'яўляецца "беспрэцэдэнтным выклікам у сучасным грамадстве, з якім не справіцца ў адзіночку нават самым магутным дзяржавам — калі яны гэтага захочуць, — якім бы сілавым патэнцыялам і перадавымі распрацоўкамі яны не валодалі".

"Прыйшоў час усім краінам свету аб'яднаць намаганні ў сістэмнай барацьбе з тэрарыстамі і іх памагатымі, пачаць шырокі міжнародны дыялог. Неабходнасць сумеснай каардынацыі намаганняў відавочная для ўсіх. Безумоўна, галоўная роля ў гэтай місіі належыць нашай асноўнай міжнароднай арганізацыі — ААН", — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым, адзначыў ён, маштаб тэрарыстычнай актыўнасці "патрабуе выйсці за межы адной арганізацыі". "Перакананы, што стварэнне згуртаванага антытэрарыстычнага фронту сіламі ААН, АБСЕ, Еўрасаюза, АДКБ, СНД, ШАС і іншых арганізацый — адзіна правільны спосаб супрацьстаяць гэтай пагрозе", — сказаў афіцыйны лідар.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН