Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/04/ru_1015826_123/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 04:13
04.09.2019 17:26 Эканоміка, Палітыка

Лукашэнка: Залежнасць ад Расіі, няхай і братняй, вельмі вялікая

Мінск, 4 верасня. Пытанне канчатковых прапаноў па далейшым супрацоўніцтве з Расіяй у рамках перамоўнага працэсу і выпрацоўкі праграмы дзеянняў застаецца актуальным, заявіў Аляксандр Лукашэнка 4 верасня на нарадзе па пытаннях развіцця эканомікі.

"У сувязі з тым, што ідзе падрыхтоўка да прыняцця прагнозных паказчыкаў на будучы год, то бок плана нашага развіцця, перш за ўсё ў эканоміцы, мы дамовіліся, што сустрэнемся і пагаворым аб праблемах эканомікі ў будучыні. Ніхто не хавае таго, што Расія — гэта асноўны рынак рэалізацыі нашай прадукцыі. На жаль, мы дыверсіфікуемся, але павольна", — сказаў Лукашэнка. Фрагмент нарады паказаў у выпуску навін тэлеканал СТВ.

"Асноўная наша задача — дыверсіфікаваць рынкі збыту, не страціўшы прыбытковасць пры продажы нашай прадукцыі. Так, мы рухаемся ў гэтым кірунку, але вельмі павольна. Залежнасць вельмі вялікая, хай нават ад братняй краіны. У сувязі з гэтым зразумела, што залежнасць нашай краіны ад паставак вуглевадароднай сыравіны з Расіі вельмі вялікая. Мы з улікам асноўных рынкаў рэалізацыі паставак сыравіны ў Беларусь заўсёды гэта ўлічваем", — зазначыў Лукашэнка.

"Таму пытанне супрацоўніцтва з Расіяй і канчатковых прапаноў па далейшым супрацоўніцтве ў рамках перамоўнага працэсу і выпрацоўкі праграмы дзеянняў застаецца актуальным. Трэба дакладна спланаваць на будучыню, па якіх напрамках, як мы будзем развівацца", — дадаў беларускі кіраўнік.

"Усім зразумела, што апошнія месяцы, чацвёрты квартал любога года — гэта выпрацоўка планаў развіцця краіны на будучыню. Перш за ўсё планаванне на будучы год, вытворчасці ды і ўвогуле ўсяго нашага жыцця. Я не адзін раз гаварыў, што гэты і наступны — гэта гады асаблівыя, парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. Мы здаем экзамен. Таму ўсюды мы павінны падцягнуцца, як след", — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка зазначыў, што, нягледзячы на тое, што цяпер ён у асноўным сочыць за сітуацыяй у сельскай гаспадарцы, тым не менш не выпускае з-пад увагі і іншыя сектары эканомікі. "Выкананне планаў па ўсіх напрамках — галоўная задача ўрада. Там ужо крыўдзіцца няма на каго будзе. Мы з вамі спланавалі, я зацвердзіў гэтыя планавыя заданні з вашай падачы, і выканаць мы іх абавязаныя. Гэта задача не толькі кожнага чыноўніка, але і кожнага грамадзяніна Беларусі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Абноўленая праграма дзеянняў па рэалізацыі саюзнай дамовы можа быць парафіраваная прэм'ер-міністрамі Беларусі і Расіі ў верасні, паведаміў кіраўнік беларускага ўрада Сяргей Румас 23 жніўня па выніках сустрэчы з Лукашэнкам. Праект абноўленай праграмы налічвае 66 пунктаў. Практычна ўсе яны ўзгодненыя. У аснове канцэпцыі — прынцып "дзве краіны — адзін рынак". Кіраўнік урада растлумачыў, чаму важнае парафіраванне дакумента: згодна з гэтай праграмай дзеянняў, да 1 лістапада ў асноўным дзяржаўныя органы павінны распрацаваць 28 дарожных карт па розных сектарах эканомікі.

"У гэтай праграме няма пытанняў палітычнага характару, якія дзесьці бударажацца ў СМІ. Я разумею, што гэта, напэўна, адбываецца часткова і таму, што да гэтага перагаворшчыкі не раскрывалі ход перамоваў, палажэнняў гэтай праграмы. Але, я думаю, пасля парафіраванне ўрады дзвюх краін апублікуюць яе для таго, каб у грамадскасці былі знятыя нейкія апасенні з нагоды пытанняў, там, суверэнітэту і іншых", — запэўніў Румас.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН