Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/06/eu_1016086_123/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 03:21
06.09.2019 17:20 Эканоміка, Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Лукашэнка заяўляе пра гатоўнасць імпартаваць нафту праз Польшчу і Прыбалтыку

Мінск, 6 верасня. Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што ў Беларусі ёсць магчымасць пачаць імпарт нафты па паўночным маршруце — праз Польшчу і Прыбалтыку, і прапаноўвае Расіі дамаўляцца "па-людску".

У гутарцы з журналістамі 6 верасня ў Брэсце кіраўнік дзяржавы нагадаў, што цяпер бакі працуюць над праграмай па развіцці інтэграцыі: "На эканоміку выйшлі. І пачынаюць таргавацца — прыродны газ, нафта і іншае". "Мы ні ў каго нічога прасіць не будзем. Надакучыла ўжо гэтыя размовы весці, надакучыла слухаць", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён прывёў прыклад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. "Мы што, будавалі гэтую станцыю? Не. Мы яе разбуралі? Не. А хто пацярпеў больш? Мы. Тады цэнтральная ўлада ў асобе Міхаіла Гарбачова ўзяла на сябе адказнасць за Беларусь. Часам грошы ўкладвалі ў такую дурасць, што і не трэба было ўкладаць. Але як разумелі, так і ратавалі Беларусь. Краіна развалілася. Хто правапераемнік... — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Яны заўсёды кажуць, улады Расіі: "Мы правапераемнікі Савецкага Саюза". І ў сувязі з гэтай правапераемнасцю мы перадалі туды бясплатна самае дарагое , што сёння стаіць на варце бяспекі Расіі, — ядзерную зброю, і наогул выбудоўвалі сваю палітыку (я заўсёды кажу: гэта адзіная наша Айчына). Я Пуціну кажу: "Гэта і мая Расія, гэта мая краіна". Таму што беларусы душу сваю ўклалі ў развіццё той краіны, у тым ліку і Расіі. Гэтак жа, як ленінградцы дапамагалі нам пасля вайны Мінск аднаўляць. Усё пераплецена, усё адзінае".

"Але Чарнобыль здарыўся. Правапераемнікі... Траціна насельніцтва [Беларусі], мы там дагэтуль драўніну не можам выкарыстоўваць, таму што высокае назапашванне радыяцыі. Але ты хоць бы за гэта (мы не просім грошай, нічога) дапамажы — мільярдаў 10-15 кубаметраў газу па прымальных цэнах. Не бясплатна, не ва ўрон "Газпрому", пастаў у Беларусь. Людзі ж пацярпелі. І як правапераемнікі. Гэта я адзін факт прывёў", — дадаў Лукашэнка.

"І калі нам кажуць: ды вы тут гіры на нагах, за наш кошт жывяце... Калі такая палітыка, абыдземся", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Ён прывёў у прыклад дзеянні Расіі па будаўніцтве газаправодаў "Паўднёвы паток" і "Паўночны паток". "Ім надакучыла спрачацца з транзіцёрамі. Ён [прэзідэнт Расіі] горда ўклаў мільярды долараў, пабудаваў гэтыя патокі. Я яму сказаў: мы гэтак жа горда (калі вы нас будзеце нахіляць і да рынкавай цаны на нафту падвялі, мытную пошліну замянілі падатковым манеўрам) возьмем з рынку і іншую нафту. Але толькі ці трэба гэта Расіі, каб на іх рынак прыйшло 20-25 млн. т чужой нафты — амерыканскай, Саудаўскай Аравіі, яшчэ чыёйсьці... Азербайджанская нафта — праз Украіну ў нас на Мазыр прапрацаваны гэты маршрут", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Паўночны маршрут мы прапрацоўваем. Я прама сказаў расійскім уладам. І праз Польшчу, праз Прыбалтыку. Напрацоўкі ёсць. Але калі мы праз Польшчу пачнем пастаўляць нафту, то мы забярэм дзве ніткі нафтаправода "Дружба", па якім на экспарт ідзе расійская нафта. Гэта трэба расіянам? Не. Ну дык давайце дамаўляцца па-людску і будзем рабіць, як лепш. Вось гэта мае патрабаванні, — сказаў беларускі кіраўнік. — І не трэба гэта ўзносіць да нябёсаў і казаць, што Лукашэнка павярнуўся на Захад. Слухайце, вось як мінімум мяне асабіста на Захадзе ніхто не чакае. Я ў гэтым на 100% перакананы. Не патрэбны там Лукашэнка. Ён наогул і ў Расіі не вельмі патрэбны. Проста народы ў нас братэрскія. Таму даводзіцца лічыцца".

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН