Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/06/ru_1016015_450021/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 03:27
06.09.2019 09:17 Грамадства

Беларуская міліцыя можа перайсці на бальную сістэму ацэнкі службовай дзейнасці

Мінск, 6 верасня. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі можа перайсці на бальную сістэму ацэнкі службовай дзейнасці, паведаміў міністр Юрый Караеў 5 верасня ў праграме "Размова ў прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1".

Як заявіў Караеў, у апошнія гады кіраўнікі высокага звяна МУС шмат разоў казалі пра неабходнасць адыходзіць ад "палачна-галачнай сістэмы" пры ацэнцы службовай дзейнасці.

Нягледзячы на гэта, адзначыў міністр, у нізавых падраздзяленнях усё роўна "людзі па інерцыі імкнуцца", каб працэнт раскрыцця быў не горшы, чым раней. "А як ён здабываецца — гэта ўжо, скажам, падганяюць рашэнне пад задачу. Гэта значыць робяць як зручна і не заўсёды памятаюць, што за кожнай справай стаіць чалавек і яго лёс, яго правы", — сказаў Караеў.

Паводле яго слоў, у МУС будуць імкнуцца гэтыя крытэрыі змяніць, але гэта адбудзецца не адразу. "Кожная праца мусіць неяк ацэньвацца, інакш — псіхалогія людзей такая, што яны перастануць нешта рабіць і да нечага імкнуцца. Гэта значыць нейкі паказчык або крытэрый ацэнкі павінен быць", — падкрэсліў міністр.

Так, напрыклад, працягнуў ён, у МУС ёсць прапановы і зараз разглядаецца магчымасць пераходу на бальную сістэму, пры якой балы будуць налічвацца ў залежнасці ад сур`ёзнасці і значнасці правапарушэнняў. Гэта значыць будзе ацэньвацца не колькасць раскрытых дробных парушэнняў, а сапраўды сур`ёзных, якімі нанесены буйны ўрон, дзе карупцыя і значная шкода дзяржаве.

"Трэба не ганяцца за кожнай драбязой, а дзейнічаць менавіта там, дзе ідзе свядомае ўтойванне нейкіх негатыўных фактаў, свядомыя прыпіскі, цёмныя махінацыі, адкаты", — дапоўніў Караеў.

У наркабарацьбе, паводле яго слоў, трэба рабіць стаўку на раскрыццё буйных каналаў паставак, затрыманне буйных арганізатараў. "Каб не ганяліся за дробнымі спажыўцамі, калі два падлеткі нешта зрабілі, і ім ужо павесілі групавое злачынства. А яшчэ, не дай бог, спрабуюць ім навязаць размеркаванне роляў, каб гаворка ішла аб арганізаванай групе", — прывёў прыклад кіраўнік МУС.

"Такім чынам, трэба не рабіць людзям горш, а ўсе сумненні на карысць людзей тлумачыць, хай нават правапарушальнікаў і злачынцаў", — дапоўніў міністр.

Караеў лічыць рэальным распрацаваць такую сістэму, але "трэба будзе прадумаць кожнае слова ў інструкцыях, метадычках і ўнутраных загадах, прааналізаваць, як гэта будзе працаваць, ці правільна іх зразумеюць" супрацоўнікі праваахоўных органаў на месцах.

"Трэба агаварыць умовы і правілы гульні, каб не было спакусы нацягваць або накручваць на нейкі вынік", — падкрэсліў кіраўнік МУС.

20 жніўня Лукашэнка правёў нараду "па пытаннях якасці працы праваахоўных органаў" і назваў яе гістарычнай. Ён выказаў абурэнне якасцю працы праваахоўных органаў па выяўленні і расследаванні злачынстваў. У прыватнасці падняў праблему абгрунтаванасці распачынання крымінальных спраў і практыкі абрання меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Лукашэнка падкрэсліў недапушчальнасць захавання "палачна-галачных" падыходаў да ацэнкі дзейнасці органаў унутраных спраў і следчых падраздзяленняў. "Гарачым жалезам трэба гэта выпаліць. Словамі не дапаможам. Трэба гэта зрабіць на падставе заканадаўчых актаў, бо яны па-ранейшаму будуць ставіць палачкі-галачкі і выхваляцца, якія яны вялікія, колькі расследавалі крымінальных спраў", — сказаў ён.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН