Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/06/ru_1016029_255252/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:18
06.09.2019 10:08 Эканоміка, Фінансы

Золатавалютныя рэзервы Беларусі дасягнулі амаль 8,9 млрд долараў

Мінск, 6 верасня. Золатавалютныя рэзервы на 1 верасня, паводле звестак Нацбанка, склалі 8.891 млн долараў ЗША, усталяваўшы новы гістарычны рэкорд.

Папярэднім разам на гістарычны максімум рэзервы выйшлі 1 жніўня, склаўшы 8,6 млрд долараў.

"За жнівень 2019 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 263,1 млн долараў ЗША (на 3%) пасля росту ў ліпені 2019 года на 337,2 млн долараў ЗША (на 4,1%)", — паведамляе Нацбанк.

Пры гэтым у жніўні 2019 года ўрадам і Нацыянальным банкам выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце прыкладна на 550 млн долараў.

Павелічэнню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у жніўні спрыялі некалькі фактараў: купля замежнай валюты Нацбанкам на ўнутраным рынку; паступленне сродкаў ад продажу валютных дзяржаблігацый; павелічэнне кошту манетарнага золата; паступленне замежнай валюты ў бюджэт ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты.

Афіцыйная мэта Нацбанка на 2019 год — забяспечыць рэзервы на ўзроўні не менш як 7,1 млрд долараў. Паводле звестак БелаПАН, у праекце асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год утрымліваецца мэта забяспечыць узровень рэзерваў да канца наступнага года не менш за 7,2 млрд долараў.

Кіраўнік Нацбанка Павел Калаур на брыфінгу ў жніўні адзначыў, адказваючы на пытанні БелаПАН, што рэгулятар прытрымліваецца асцярожных ацэнак будучай дынамікі рэзерваў. "Мы закладваем на 2020 год вельмі асцярожныя падыходы і максімальна ўлічваем рызыкі гандлёвых войнаў паміж асобнымі дзяржавамі, якія фармуюць ільвіную долю сусветнага ВУП", — сказаў ён.

Калаур паведаміў, што ў гэтых умовах цэнтральны банк імкнецца забяспечыць той узровень золатавалютных рэзерваў, які неабходны для фінансавай стабільнасці. "Наша задача ў тым, каб рэзервы пакрывалі не менш як двухмесячны аб`ём імпарту", — удакладніў старшыня праўлення Нацбанка.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН