Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/06/ru_1016068_123/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 03:21
06.09.2019 16:16 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Расія імкнецца нармалізаваць адносіны з ЗША, а чаму мы не павінны гэтага рабіць?

Мінск, 6 верасня. Аляксандр Лукашэнка 6 верасня ў Брэсце пракаментаваў розныя домыслы з нагоды прыезду ў Беларусь саветніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана.

"Болтан прыехаў. А чаму ён не мог прыехаць? Ён што, прыехаў у Беларусь перш за ўсё? Ды не, ён ужо пабываў і ў Сочы, і ў Маскве, і з маім сябрам, калегам Пуціным абдымаўся. Мы ж спакойна гэта пераносілі. Мы не пярэчылі. Прыехаў і прыехаў. Трэба размаўляць. А тым больш нам — краіна, якая была столькі пад санкцыямі, яны нас нахілялі і налева, і направа. І самі прыехалі, прапанавалі сустрэцца. Думаю, правільна, мы павінны з імі наладжваць адносіны. Гэта ж імперыя. Самая моцная краіна", — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.

Ён адзначыў, што і Расія імкнецца ўсталяваць нармальныя адносіны з ЗША. "А чаму мы не павінны гэтага рабіць? І ніякіх тут рухаў цела на Захад, на Усход. Глядзець будзем і туды, і туды, і шукаць там, дзе выгадна. Гэтак жа сама, як любая дзяржава вядзе палітыку, — заявіў Лукашэнка. — Па вялікім рахунку мяне ж кіраўніцтва Расіі ў гэтым не папракае. Гэта канспіралогія вакол так званых палітолагаў, сацыёлагаў, журналістаў асобных прыкормленых. Вось яны і пачынаюць там "бамбіць" з усіх бакоў. Ясна, хтосьці замаўляе. Я ведаю, хто", — сказаў беларускі кіраўнік.

"Супакоімся, пена сыдзе, трэскі гэтыя лёгкія ветрам панясе. А мы як жылі з расіянамі, так і будзем жыць. Нягледзячы нават на тую палітыку па вуглевадародах, тармажэнні нашых прадуктаў харчавання. Для чаго мы туды ідзем і пастаўляем тавар — каб грошы ў іх зарабіць і заплаціць за нафту і газ. Усё вельмі проста. І ні ў якім разе не трэба меркаваць, што тут нейкая глыбіня антырасійская або антызаходняя", — падкрэсліў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы чарговы раз пацвердзіў курс на шматвектарнасць у развіцці супрацоўніцтва краіны з замежнымі партнёрамі. "Я заўсёды і ўсюды, і мяне ў гэтым цяжка папракнуць, казаў і кажу, што мы прытрымліваемся ў знешняй палітыцы шматвектарнасці. Не я ж пасяліў беларусаў на гэтым кавалку зямлі. Гасподзь нас тут пасяліў. Куды нам падзецца? Нас нідзе не чакаюць. Іншай зямлі нам ніхто не дасць. У рабы мы не пойдзем (мы ўжо пахадзілі, як я кажу, пад бізуном). Гэта наш кавалак зямлі. І ён у цэнтры Еўропы, на скрыжаванні ўсіх шляхоў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, натуральна, што за гэты кавалак зямлі сёння часам ідзе нябачная барацьба. "Усе хочуць уплываць. Але мой характар і мяне вы ўжо даўно ведаеце. Я не прымаю, калі пачынаюць уплываць празмерна на шкоду нашаму народу. Гэта недапушчальна. Вось гэта галоўнае — шматвектарная палітыка. Мы павінны глядзець і на Усход, і на Захад. Дарэчы, Расіі нас няма чым папракнуць. У іх нават арол двухгаловы — ён і туды, і туды глядзіць. І нам ніхто не забароніць глядзець у розныя бакі", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка адзначыў транзітнае значэнне Беларусі і той факт, што для Расіі яна, можна сказаць, адзіная добрасуседская краіна, праз якую ажыццяўляюцца кантакты з краінамі Захаду. Акрамя таго, Беларусь знаходзіцца на гандлёвым шляху паміж Кітаем і Заходняй Еўропай.

Дарадца прэзідэнта ЗША па пытаннях нацыянальнай бяспекі Джон Болтан 29 жніўня правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску. Замест запланаваных 45 хвілін Лукашэнка і Болтан размаўлялі больш за дзве з паловай гадзіны. Пасля заканчэння перамоў у пашыраным складзе яны перайшлі ў працоўны кабінет Лукашэнкі, дзе сам-насам гаварылі больш за паўгадзіны. Па выніках перамоў Болтан заявіў, што на сустрэчы не прынята канкрэтных рашэнняў, але дыскусія важная для далейшай працы.

31 жніўня Болтан сустрэўся з Засем у Варшаве. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел кіраўнікі саветаў бяспекі Польшчы і Украіны. Гутарачы з журналістамі 3 верасня ў Мінску, Станіслаў Зась заклікаў "не шукаць схаваных сэнсаў" у сустрэчы ў Варшаве, дзе, паводле яго слоў, абмяркоўваліся пытанні рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, а таксама ўрэгуляванне сітуацыі на Данбасе.

Напярэдадні візіту Болтана ў Мінск прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заяўляў, што Крэмль расцэньвае візіт Болтана ў Беларусь як унутраную справу Мінска. Ён заўважыў, што казаць аб цесным супрацоўніцтве Мінска і Вашынгтона пакуль не выпадае, "гэта — візіт на працоўным узроўні". Каментуючы інфармацыю аб тым, што Беларусь разглядае магчымасць закупляць амерыканскую нафту, Пяскоў заявіў, што гэта — "пытанне эканамічнай мэтазгоднасці". У той жа час прадстаўнік Крамля нагадаў, што партнёрства Расіі і Беларусі працягваецца, і выказаў упэўненасць у далейшым развіцці двухбаковых адносін.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН