Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/09/ru_1016269_558899/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:31
09.09.2019 13:41 Грамадства, Палітыка

Новы генпракурор Украіны: Справа Шарамета з'яўляецца прыярытэтнай

Мінск, 9 верасня. Расследаванне забойства журналіста Паўла Шарамета з'яўляецца адным з прыярытэтаў у працы Генеральнай пракуратуры Украіны, заявіў новы кіраўнік ведамства Руслан Рабашапка.

Паводле слоў Рабашапкі, на прыярытэт справы звярнуў яго ўвагу пакінуты пры пасадзе пасля змены ўлады ў краіне міністр унутраных спраў Арсен Авакаў.

"Авакаў сам тэлефануе і звяртае ўвагу на прыярытэтныя справы, з першых дзён, калі я зайшоў у офіс... Ёсць дзве справы, пра якія мы гаварылі з Арсенам Барысавічам. Адна тычыцца вельмі вядомага журналіста Паўла Шарамета", — сказаў генпракурор у інтэрв'ю РБК-Украіна.

"Думаю, што не толькі я і прэзідэнт, але і вы чакаеце жорсткай рэакцыі на гэтыя кейсы: забойствы грамадскіх актывістаў, таго ж Паўла Шарамета. Для нас жа важна паказаць, што журналістаў нельга забіваць і што на гэта будзе адказ дзяржавы нават праз тры ці пяць гадоў, але вінаватыя будуць сядзець у турме", — падкрэсліў Рабашапка.

Вядомы беларускі журналіст, выканаўчы дырэктар "Украінскай праўды" Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў выніку падрыву аўтамашыны ў цэнтры Кіева. Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу згодна з артыкулам "Наўмыснае забойства". 20 ліпеня гэтага года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра намер заслухаць даклады сілавікоў аб ходзе расследавання. Гэта было зроблена 23 ліпеня. Зяленскі ў прысутнасці журналістаў заслухаў адкрытую частку даклада кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Сяргея Князева, а затым прыняў закрытую частку. Пасля гэтага прэзідэнт заявіў: "Я хачу вас усіх запэўніць: з таго, што я ўбачыў, не магу сказаць, у які тэрмін, але думаю, што ў нас з вамі будзе вынік. Сапраўды, паліцыя знойдзе, да яе далучыцца пракуратура і СБУ, яны дапамогуць скончыць справу, і людзі, якія здзейснілі забойства, будуць знойдзеныя. Гэта ўсё, што магу сказаць на падставе таго, што я ўбачыў".

"З-за таго, што я пачуў цяпер без журналістаў, я б хацеў, каб мы не вельмі моцна націскалі на супрацоўнікаў вышуку. Там сапраўды вельмі шмат працы, і ўпэўнены, што вельмі шмат з гэтых фактаў яны не маглі вам гэта паказаць. І я разумею, чаму не маглі, таму што нам у гэтай справе патрэбен вынік. Самае галоўнае, каб людзі, якія падарвалі журналіста Паўла Шарамета, былі за кратамі", — сказаў украінскі лідар.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН