Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/10/ru_1016406_856974/
Дата раздрукоўкі: 08.12.2019 23:11
10.09.2019 13:35 Грамадства, Палітыка

Беларусь трапіла ў дзясятку краін з самай жорсткай цэнзурай

Мінск, 10 верасня. Беларусь заняла 9-е месца ў спісе краін з самай жорсткай цэнзурай, гаворыцца ў спецыяльным дакладзе міжнароднай праваабарончай арганізацыі "Камітэт абароны журналістаў".

Акрамя Беларусі ў гэты спіс уключаныя Эрытрэя, Паўночная Карэя, Туркменістан, Сірыя, Кітай, В`етнам, Іран, Экватарыяльная Гвінея і Куба.

У дакуменце адзначаецца, што беларускія ўлады "практычна цалкам кантралююць СМІ, а нешматлікія незалежныя журналісты і блогеры зведваюць пераслед і затрыманні".

"Дзяржава сістэматычна робіць націск на ўплывовыя сродкі масавай інфармацыі і прыватных асоб, часта публічна, арыштоўваючы журналістаў, здзяйсняючы рэйды на рэдакцыі і ініцыюючы крымінальныя расследаванні [у дачыненні] да тых, хто асвятляе падзеі, — сказана ў дакладзе. — У апошнія гады ўрад заблакаваў незалежныя сайты навін, у тым ліку "Хартыю-97", заснаваную журналісткай Наталляй Радзінай, якая зараз знаходзіцца ў выгнанні. Паколькі ўрад абмяжоўвае незалежныя інфармацыйныя агенцтвы, усё больш беларусаў спадзяюцца на сацыяльныя сеткі".

"У межах нядаўніх заканадаўчых мер па ўзмацненні кантролю над лічбавымі СМІ ўрад у 2018 годзе ўхваліў законапраект аб "фэйкавых" навінах і прыняў папраўкі ў закон аб СМІ, якія зрабілі больш жорсткім кантроль над сайтамі навін і сацыяльнымі сеткамі", — звярнулі ўвагу аўтары дакумента.

У дакладзе дадзеная спасылка на справаздачу аб свабодзе прэсы няўрадавай арганізацыі Freedom House, згодна з якой урад мае паўнамоцтвы ажыццяўляць нагляд за інтэрнэт-правайдарамі, усталёўваць стандарты інфармацыйнай бяспекі, праводзіць лічбавае назіранне за грамадзянамі і кіраваць даменамі верхняга ўзроўню ў Беларусі".

Найгоршай праявай націску на СМІ ў справаздачы Камітэта абароны журналістаў названа тое, што ў сакавіку 2019 года галоўны рэдактар сеткавага выдання tut.by Марына Золатава была прызнаная вінаватай па "справе БелТА" і аштрафаваная на 7.650 рублёў (3.600 долараў).

Крымінальная справа ў дачыненні да Золатавай і іншых супрацоўнікаў недзяржаўных СМІ была распачатая летам 2018 года. Нагодай стаў зварот гендырэктара БелТА Ірыны Акуловіч у праваахоўныя органы з-за збояў, якія нібыта мелі месца пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН