Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/14/ru_1016863_874512/
Дата раздрукоўкі: 06.06.2020 13:27
14.09.2019 07:07 Грамадства

Мінск святкуе Дзень горада

Мінск, 14 верасня. Беларуская сталіца сёння адзначае Дзень горада — 952-годдзе ад заснавання.

Урачыстасці афіцыйна адкрыюцца ў 11.00 цырымоніяй ускладання кветак да стэлы "Мінск — горад-герой" на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава.

На зялёнай зоне каля стэлы з 11.30 і да позняга вечара будзе ісці міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Мінск старажытны" з удзелам членаў рыцарскіх клубаў.

На пляцоўцы ў раёне Палаца спорту ў 10.00 стартуюць міжнародныя спаборніцтвы "Наймацнейшы пажарны-выратавальнік", а ў 11.00 — фестываль H.O.G. Rally Minsk 2019, прысвечаны закрыццю мотасезона.

Апоўдні ў Верхнім горадзе пачне працу міжнародны праект "Мінск інтэрнацыянальны". Вечарам там жа адбудзецца канцэрт з удзелам артыстаў балета Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

У 20.00 пачнецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу "Мінчанін года" — упершыню на Кастрычніцкай плошчы і з вольным уваходам. За ёй на цэнтральнай плошчы сталіцы пройдзе святочны канцэрт.

Акрамя урачыстасцяў на цэнтральных пляцоўках святочныя мерапрыемствы запланаваныя ва ўсіх раёнах сталіцы.

Так, у Кастрычніцкім раёне асноўныя ўрачыстасці пройдуць у гарналыжным цэнтры "Сонечная даліна" ў парку Курасоўшчына, у Партызанскім раёне — у Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага, Першамайскім — у парку культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў, Заводскім — на пляцоўцы каля "Чыжоўка-Арэны" , Ленінскім — у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе і на пляцоўцы перад кінатэатрам "Салют", Маскоўскім — у парку імя Міхаіла Паўлава, Цэнтральным — у Траецкім прадмесці і парку Перамогі, Савецкім — у скверы каля Камароўскага рынку, Фрунзенскім — у парку 60-годдзя Кастрычніка і скверы ўздоўж вуліцы Данілы Сердзіча.

Завершыцца суботняе свята музычным феерверк-шоу а 23-й гадзіне ля Палаца спорту.

15 верасня свята працягнецца двума буйнымі мерапрыемствамі — Мінскім паўмарафонам і фестывалем "Дзень танкіста" у Парку Перамогі (арганізуе кампанія — распрацоўшчык камп'ютарных гульняў Wargaming). Акрамя гэтага, ва ўсіх раёнах горада запланаваныя канцэрты, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, святы двароў.

Поўная афіша святочных мерапрыемстваў з нагоды Дня горада апублікаваная на сайце Мінгарвыканкама.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239