Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/16/ru_1017000_123/
Дата раздрукоўкі: 06.06.2020 14:02
16.09.2019 09:40 Палітыка, Грамадства

20 гадоў таму ў Мінску зніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі

Мінск, 16 верасня. Дваццаць гадоў таму ў Мінску пры нявысветленых абставінах былі выкрадзеныя апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

Увечары 16 верасня 1999 года Ганчар, які першапачаткова быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі і дапамог яму прыйсці да ўлады, а затым сышоў у апазіцыю, і яго сябар Красоўскі прыехалі ў лазню, што на вуліцы Фабрычнай, 20, у Мінску. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў "Джып-Чэрокі" Красоўскага.

Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура Мінска. Паводле звестак следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя асколкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці высноваў аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі.

Расследаванне справы аб знікненні апанентаў улады неаднаразова прыпынялася. Апошні раз гэта адбылося сёлета ў студзені. Сваякі зніклых атрымалі паведамленні СК аб тым, што расследаванне спраў аб знікненні Ганчара і Красоўскага прыпыненае "ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага".

Між тым, прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасці да гэтага злачынства яны падазраюць вышэйшых службовых асобаў Беларусі.

Чацвёра грамадзян Беларусі, якіх Еўрасаюз лічыць датычнымі да знікненняў апазіцыйных палітыкаў у 1999-2000 гадах, дагэтуль знаходзяцца пад дзеяннем візавых і эканамічных санкцый. У іх ліку — былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, экс-кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў, які ў перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду міністра ўнутраных спраў, і Дзмітрый Паўлічэнка, былы камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС.

Сёння ўвечары ў Мінску, каля ГУМа, адбудзецца пікет памяці выкрадзеных. Ён пройдзе ў межах кампаніі па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў кіраўніка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239