Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/16/ru_1017037_123/
Дата раздрукоўкі: 06.06.2020 13:02
16.09.2019 12:40 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Калі ў нас існуюць сапраўдныя апазіцыйныя партыі — і яны павінны вылучаць сваіх кандыдатаў у парламент

Мінск, 16 верасня. Парламент павінен прадстаўляць усе пласты беларускага грамадства, заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 верасня на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.

"Будучы парламент павінен быць лепшы за гэты. Калі будзе такі ж ці горш, значыць, няма развіцця. Таму, не ў крыўду дэпутатам сказана, павінны прыйсці людзі лепшыя, якія, калі гэта трэба будзе, павядуць рэспубліку наперад", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён падкрэсліў, што парламент павінен прадстаўляць усе пласты беларускага грамадства: ад моладзі да пажылых людзей. На думку кіраўніка дзяржавы, прафсаюзныя і грамадскія арганізацыі, партыі павінны вылучыць у парламент сваіх кандыдатаў і адстойваць іх.

"Калі ў нас існуюць сапраўдныя апазіцыйныя партыі — і яны павінны вылучаць сваіх кандыдатаў і абараняць іх у ходзе перадвыбарнай кампаніі. Гэта таксама вельмі важна. Парламент павінен прадстаўляць усе слаі нашага грамадства, каб не было размоў, што ў моладзі там няма прадстаўніцтва або ў старых сваіх дэпутатаў. Яны павінны быць, — перакананы Лукашэнка. — Яны, можа быць, думаюць некалькі па-іншаму, чым сярэднія пласты насельніцтва, чым працоўныя, сяляне і частка інтэлігенцыі, але гэта частка нашага грамадства, мы павінны чуць іх голас. Гэта мой прынцыповы падыход".

"Я гэта не хаваю: мы такіх дэпутатаў павінны прасоўваць і падтрымліваць. Мы не будзем стаяць у баку. Галоўнае, каб было стабільна, і ва ўладу, у парламент, прыйшлі разумныя, нармальныя людзі, якія будуць не разбураць, а ствараць, і пажадана на той аснове, якая сёння створаная ў нашай Беларусі", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама папрасіў Уладзіміра Андрэйчанку "не пакідаць на волю лёсу" дэпутатаў, якія завяршаюць сваю працу ў парламенце. Магчыма, адзначыў кіраўнік дзяржавы, яны бачаць сябе ў гаспадарчай дзейнасці і ў іншых органах улады. "Усё ж такі гэты перыяд — вельмі добрая школа. Дэпутат вучыўся, не гледзячы на свой узрост. Таму тыя, хто захочуць працаваць на карысць Беларусі і заўтра, мы іх не павінны страціць. Трэба іх працаўладкоўваць у залежнасці ад жадання працаваць і прафесіяналізму, а прафесіяналаў там шмат", — канстатаваў Лукашэнка.

Ён лічыць, што каля 30-35% цяперашняга складу Палаты прадстаўнікоў зноў павінны пазмагацца за дэпутацкі мандат. Гэта, падкрэсліў ён, дапаможа захаваць пераемнасць у беларускім парламенце. "У адваротным выпадку прыйдуць абсалютна новыя людзі і іх трэба будзе паўтара года вучыць. Пажадана гэтае ядро цяперашняга парламента захаваць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, трэба падтрымліваць і жанчын, якія вылучаюць свае кандыдатуры. "Мы ўжо пераканаліся: траціна ў парламенце жанчын — гэта стабільны парламент. Мужыкі не дураць там, не скачуць, не бегаюць — сорамна перад жанчынамі. Гэта вельмі моцны фактар, які стабілізуе ў любым грамадстве", — звярнуў увагу Лукашэнка. У сваю чаргу Андрэйчанка адзначыў, што сёння Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі сярод іншых краін па колькасці жанчын-парламентарыяў.

"У нас застаўся шэраг найважнейшых пытанняў, якія мы не можам не разгледзець цяперашнім складам [парламента]. Так было заўсёды. Мы ўступаем у новы год — фінансавы, эканамічны, як заўгодна яго можна называць і ў вельмі важны палітычны перыяд (ці тое яшчэ будзе ў будучым годзе). Таму нам вельмі неабходна разгледзець і прыняць асноўныя планавыя фінансавыя дакументы на наступны год", — падкрэсліў Лукашэнка.

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, пададзеныя 503 заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

На раніцу 16 верасня зарэгістраваныя 469 ініцыятыўных груп. З іх 359 збіраюць подпісы выбаршчыкаў за вылучэнне беспартыйных кандыдатаў, 110 — прадстаўнікоў палітычных партый.

Так, за вылучэнне членаў Камуністычнай партыі Беларусі збіраюць подпісы 28 ініцыятыўных груп, Аб'яднанай грамадзянскай партыі — 25, Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" — 17, Партыі БНФ — 14, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці — 10, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) — 10, Ліберальна дэмакратычнай партыі і Беларускай патрыятычнай партыі — па дзве, Беларускай аграрнай партыі і Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі — па адной.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239