Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/17/ru_1017240_123456/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 09:23
17.09.2019 18:42 Палітыка

Беларусь і ЗША прынялі рашэнне аб вяртанні паслоў

Мінск, 17 верасня. Беларусь і Злучаныя Штаты Амерыкі прынялі рашэнне пра аднаўленне дыппрадстаўніцтва на ўзроўні паслоў. Пра гэта сёння заявіў намеснік дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хэйл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, перадае тэлеканал "Беларусь 1".

Прэс-служба прэзідэнта, у сваю чаргу, паведамляе, што Лукашэнка станоўча ацэньвае цікавасць ЗША да рэгіёну Усходняй Еўропы. "У гэты складаны час ваш інтарэс да гэтага рэгіёну абнадзейвае", — прыводзіць прэс-служба словы кіраўніка дзяржавы.

"Магчыма, мы знаходзімся ў палоне нейкіх выдумак СМІ. Але як нам тут здаецца ў Беларусі, Еўропа і наогул планета перажываюць няпростыя, складаныя часы", — лічыць Лукашэнка.

Ён адзначыў, што часта ў гэтым абвінавачваюць ЗША. "Але мы выдатна разумеем, што не бывае так у жыцці, што адзін хтосьці вінаваты, а ўсе астатнія мяккія, белыя і пухнатыя. Напэўна, тут і мы ўсе вінаватыя ў тым, што складваецца такая сітуацыя ў свеце", — сказаў ён.

"Я перакананы, што ваш візіт, ва ўсякім разе, кіраўніцтву Беларусі, беларускаму народу, дасць магчымасць больш аб`ектыўна паглядзець на свет, зыходзячы з той інфармацыі, якую я разлічваю атрымаць ад вельмі інфармаванага чалавека", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Што да нашых з вамі адносін, вы вельмі добра ведаеце і дасведчаныя ў тым, што гэта не адзіны сігнал, які мы пасылаем кіраўніцтву ЗША аб нармалізацыі адносін. Гэта ненармальна, што ў сучасным свеце дзве дзяржавы, якія калісьці ваявалі на адным баку супраць ворага, сёння маюць такія, скажам так, слабыя адносіны", — сказаў Лукашэнка.

"Будзем рабіць усё, каб нашы адносіны развіваліся", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Пасольства ЗША ў Беларусі працуе без пасла з сакавіка 2008 года. Тады паміж Мінскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне амерыканскім бокам санкцый у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Па патрабаванні беларускага боку Мінск пакінула пасол Карэн Сцюарт, штат пасольства быў максімальна скарочаны.

Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.

У сакавіку 2019 года Мінск афіцыйна паведаміў Вашынгтону аб адмене абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў амерыканскага пасольства. Гэта адбылося 4 сакавіка на сустрэчы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам.

Прыезд у Беларусь Дэвіда Хэйла — гэта ўжо другі за апошнія два з паловай тыдні візіт у Мінск высокапастаўленага амерыканскага чыноўніка. 29 жніўня Беларусь наведаў зараз ужо былы саветнік прэзідэнта ЗША па пытаннях нацыянальнай бяспекі Джон Болтан. Пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, якая доўжылася больш за дзве гадзіны, ён паведаміў журналістам, што канкрэтных рашэнняў падчас перамоў не прынята, "але дыскусія важная для далейшай працы". "Яна ахапіла шырокія тэмы — палітыку, эканоміку, пытанні бяспекі як у рэгіёне, так і ва ўсім свеце", — сказаў Болтан.10 верасня стала вядома, што Джон Болтан звольнены з пасады саветніка па нацыянальнай бяспецы, якую займаў з красавіка 2018 года. "Я катэгарычна не згодны з многімі з яго прапаноў, як і многія іншыя ў адміністрацыі", — напісаў у Twitter прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН