Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/18/ru_1017297_123/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 08:27
18.09.2019 12:07 Палітыка, Эканоміка

Крутой: Дакументы па паглыбленні саюзнай інтэграцыі не пагражаюць суверэнітэту Беларусі

Мінск, 18 верасня. Дакументы па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы не ўтрымліваюць палітычнага кампанента і не ствараюць пагроз для суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Пра гэта заявіў міністр эканомікі Дзмітрый Крутой у адказе на запыт дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім, накіраваны прэм`ер-міністру Сяргею Румасу.

Парламентарый прасіла Румаса апублікаваць праграму дзеянняў па саюзнай інтэграцыі, якая была парафіраваная 6 верасня кіраўнікамі ўрадаў Расіі і Беларусі, але дагэтуль не апублікаваная.

У адказе, які Анісім размясціла ў "Фэйсбуку", міністр эканомікі адзначае, што гэты дакумент на дадзены момант мае статус рабочага, паколькі павінен быць зацверджаны прэзідэнтамі ў снежні 2019 года, разам з пакетам адпаведных дарожных карт. Работа па падрыхтоўцы гэтых карт толькі пачалася.

"Менавіта ў іх будзе ўтрымлівацца дэталізацыя эканамічных дамоўленасцяў паміж бакамі. Таму публікацыя праекта Праграмы пры адсутнасці пакета карт супярэчыла б агульнапрынятай у свеце практыцы арганізацыі перамоваў, а таксама магла б стварыць глебу для інфармацыйных маніпуляцый і фармавання ў грамадстве скажоных уяўленняў адносна інтэграцыйнага працэсу", — зазначае міністр эканомікі.

У адказе гаворыцца, што праца, якая праводзіцца цяпер урадамі дзвюх краін, ахоплівае выключна эканамічную частку Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года.

"Па даручэнні прэм’ер-міністра запэўніваю Вас, што дакументы, над якімі мы працуем, не ўтрымліваюць ніякага палітычнага кампаненту і не ствараюць пагроз для суверэнітэту і незалежнасці нашай Радзімы — Рэспублікі Беларусь", — падкрэслівае Крутой.

"Мерапрыемствы па паглыбленні інтэграцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федерацыяй здзяйсняюцца на падставе адмысловага рашэння, прынятага на рэспубліканскім рэферендуме ў маі 1995 года і ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь. Гэтыя абавязацельствы з`яўляюцца адкрытымі для грамадскасці, яны ўтрымліваюцца ў Дамове аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года, і далей за іх інтэграцыя сягаць не можа", — гаворыцца ў адказе.

16 верасня расійская газета "Коммерсантъ" раскрыла некаторыя падрабязнасці Праграмы дзеянняў Беларусі і РФ па рэалізацыі палажэнняў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Паводле ацэнкі выдання, праграма дзеянняў, якую парафіравалі 6 верасня ў Маскве прэм`ер-міністры Расіі і Беларусі, гэта "даволі радыкальны праект": эканамічная інтэграцыя да 2021 года на ўзроўні не меншым, чым у Еўрасаюзе, а ў шэрагу пытанняў — аналагічная канфедэратыўнай ці нават федэратыўнай дзяржавам. "Пры рэалізацыі плана да гэтага тэрміну гаворка ідзе пра паглынанне моцна адзяржаўленай эканомікай Расіі амаль цалкам дзяржаўнай эканомікі Беларусі на ўзроўні кіравання", — піша "Коммерсантъ". Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра пераход на адзіныя Падатковы і Грамадзянскі кодэксы, агульны знешнегандлёвы рэжым, а таксама стварэнне адзінага рэгулятара рынкаў нафты, газу і электраэнергіі.

23 жніўня па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам беларускі прэм`ер паведаміў, што праект абноўленай праграмы па рэалізацыі саюзнай дамовы налічвае 66 пунктаў. У аснове канцэпцыі — прынцып "дзве краіны — адзін рынак".

"У гэтай праграме няма пытанняў палітычнага характару, якія дзесьці бударажацца ў СМІ. Я разумею, што гэта, напэўна, адбываецца збольшага і таму, што да гэтага перагаворшчыкі не раскрывалі ход перамоваў, палажэнняў гэтай праграмы. Але, я думаю, пасля парафіравання ўрады дзвюх краін апублікуюць яе для таго, каб у грамадскасці былі знятыя нейкія апасенні з нагоды пытанняў суверэнітэту і іншых", — запэўніў Румас.

18 ліпеня на перамовах у Санкт-Пецярбургу Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну вырашыць усе праблемы інтэграцыі да снежня, калі будзе адзначацца 20-годдзе падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН