Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/20/eu_1017564_123/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:48
20.09.2019 12:56 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Лукашэнка прыняў рашэнне пра падпісанне пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з ЕС (дапоўнена)

Мінск, 20 верасня. Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне пра падпісанне пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з Еўрасаюзам, паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз 20 верасня на брыфінгу ў Мінску.

Паводле яго слоў, рашэнне павінна быць апублікаванае сёння.

"Гэта няпростае рашэнне, — адзначыў Глаз. — Прэзідэнт Беларусі прыняў яго, разумеючы высокую значнасць мабільнасці для грамадзян нашай краіны, і толькі пасля дбайнай ацэнкі ўсіх магчымых рызык і наступстваў. Вы ведаеце, што мы заўсёды выступалі за аблягчэнне міжчалавечых і дзелавых кантактаў. Дадзенае рашэнне кіраўніка дзяржавы яшчэ раз пацвярджае гэта на справе. Гэтаму кроку папярэднічаў досыць складаны і працяглы па часе перамоўны працэс з Еўрапейскім саюзам, па выніках якога выпрацаваныя ўзаемапрымальныя тэксты, якія ў найбольш поўнай меры ўлічваюць інтарэсы абодвух бакоў".

"Цяпер мы чакаем сігналу ад нашых еўрапейскіх партнёраў аб завяршэнні неабходных працэдур з іх боку. Пасля чаго вызначым канкрэтныя мадальнасці падпісання пагаднення", — дадаў прэс-сакратар.

Ён таксама адзначыў, што ўваходжанне ў сілу двух пагадненняў, якія заключаюцца ў пакеце, прадугледжанае ў адзін дзень. Падпісаныя пагадненні павінны быць ратыфікаваныя Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і ўхваленыя Еўрапарламентам. "Пасля абмену паведамленнямі аб выкананні гэтых працэдур пагадненні пачнуць дзейнічаць", — растлумачыў Глаз.

"Праект пагаднення аб спрашчэнні выдачы віз прадугледжвае на ўзаемнай аснове аблягчэнне візавых працэдур для шырокай катэгорыі грамадзян і зніжэнне збораў. Будзе забяспечанае права грамадзян звяртацца па візы як праз візавыя цэнтры, так і непасрэдна ў консульскія ўстановы краін-удзельніц. У праекце пагаднення аб рэадмісіі замацаванае даванне Беларусі двухгадовага пераходнага перыяду ў дачыненні да рэадмісіі грамадзян трэціх краін", — сказаў прэс-сакратар.

Ён дадаў, што ў праекце сумеснай дэкларацыі да гэтага пагаднення ўтрымліваецца "абавязацельства Еўрасаюза аб аказанні нашай краіне тэхнічнай і фінансавай падтрымкі ў яго рэалізацыі".

"Выказваем упэўненасць, што дамова з ЕС адыграе пазітыўную ролю ў ліку мер па спрашчэнні ўзаемных паездак грамадзян, над чым увесь час працуе беларускі бок, паслужыць паляпшэнню нашай інвестыцыйнай прывабнасці, развіццю ўязнога турызму, пашырэнню міжчалавечых кантактаў", — падсумаваў Анатоль Глаз.

Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ЕС і Беларусь вядуць з 2014 года. 12 ліпеня гэтага года Афіцыйны журнал ЕС апублікаваў рашэнне Савета Еўрасаюза аб унясенні зменаў у Візавы кодэкс, якія прадугледжваюць у тым ліку павышэнне кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра. Прымяняць новы візавы збор пачнуць з 2 лютага 2020 года.

У прадстаўніцтве ЕС у Беларусі БелаПАН раней тлумачылі, што, незалежна ад даты падпісання візавага пагаднення паміж Беларуссю і ЕС, пасля яго ўваходжання ў сілу кошт шэнгенскіх віз для Беларусі складзе 35 еўра. Каментуючы змены, унесеныя ў Візавы кодэкс ЕС, у прадстаўніцтве адзначылі, што "павелічэнне кошту віз не паўплывае на самы нізкі памер візавага збору ў 35 еўра, усталяваны ў пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму, якія заключаныя паміж ЕС і шэрагам трэціх краін, такіх як Расія, Арменія і Азербайджан".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН