Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/21/eu_1017656_123456/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:38
21.09.2019 09:35 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Дзірк Шубель: Мая галоўная задача — далейшае паляпшэнне адносін з Беларуссю на ўсіх узроўнях

Мінск, 21 верасня. "Сваю галоўную задачу я бачу ў далейшым паляпшэнні нашых адносін на ўсіх узроўнях", — заявіў у інтэрв`ю БелаПАН новы кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель.

"Перш за ўсё я вельмі рады, што прыехаў у Беларусь не на пару дзён, як было раней падчас рабочых візітаў, а буду тут на пастаяннай аснове на працягу наступных некалькіх гадоў, — адзначыў ён. — І я вельмі рады, што змог уручыць даверчыя граматы кіраўніку дзяржавы на чацвёрты дзень пасля свайго прыезду. Мне здаецца, гэта амаль рэкорд. І з гэтага моманту я магу паўнавартасна выконваць свае абавязкі кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Беларусі".

Гаворачы пра сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, Шубель адзначыў, што ўважліва яго слухаў. "Прэзідэнт добра адазваўся пра стан супрацоўніцтва з ЕС, у прыватнасці, адзначыў, што мы з`яўляемся вельмі важным гандлёвым партнёрам Рэспублікі Беларусь. Ён таксама сказаў, што не хацеў бы, каб ЕС прасіў Беларусь выбіраць паміж тым ці іншым бокам. Але тут жа дадаў, што ЕС ніколі і не прасіў аб падобным", — сказаў Шубель.

"І я магу толькі яшчэ раз пацвердзіць гэта — ЕС ніколі не ставіў Беларусь перад неабходнасцю такога выбару. Мы зацікаўленыя ў далейшым паляпшэнні адносін з Беларуссю", — дадаў ён.

Паводле слоў Шубеля, у яго шмат ідэй і планаў наконт далейшага развіцця адносін. "Але, як вядома, танга заўсёды танцуюць удваіх, таму, спадзяюся, што гэтыя планы падтрымаюць нашы беларускія партнёры, — падкрэсліў ён. — У нас наладжаны добрыя кантакты з урадам, а найбліжэйшым часам я маю намер сустрэцца і з іншымі зацікаўленымі бакамі — нашымі партнёрамі з грамадзянскай супольнасці, бізнесменамі, журналістамі. Таксама планую наведаць усе вобласці Беларусі. Сорамна прызнацца, але, акрамя Мінска, я ў Беларусі і не быў нідзе. Так што адна з маіх мэтаў на найбліжэйшы год — наведаць усе шэсць абласцей, убачыць рэгіёны, сустрэцца з людзьмі розных прафесій і перакананняў, каб па-сапраўднаму спазнаць вашу цудоўную краіну".

Паводле слоў дыпламата, адна з яго ідэй заключаецца ў тым, каб у маі наступнага года арганізаваць у Беларусі больш шырокае святкаванне Дня Еўропы — "важнай падзеі, бо гэта дата нагадвае нам пра тое, як пасля Другой сусветнай вайны стваралася цяперашняя Еўропа". Па словах Шубеля, ён удзельнічаў у арганізацыі такіх святаў падчас сваёй працы ў Кіеве і Кішынёве.

"Будзе вельмі добра, калі ўдасца і ў Беларусі арганізаваць такое свята — гэта дапамагло б беларусам больш даведацца пра нас, краіны Еўрасаюза. А што можа быць лепшым, чым адкрываць для сябе традыцыі іншых краін, проста гуляючы па парку, дзе можна з`есці кавалак піцы, зрабіць глыток сангрыі, пакаштаваць кухню народаў Еўропы? Спадзяюся, нам удасца арганізаваць гэтае свята маштабна і цікава", — сказаў кіраўнік прадстаўніцтва ЕС.

Немец Дзірк Шубель быў прызначаны новым кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі ў ліпені і прыбыў у Мінск 8 верасня.

Яго папярэдніца Андрэа Віктарын, таксама немка, узначальвала прадстаўніцтва ЕС у Беларусі з верасня 2015 года па жнівень гэтага. Яе новая пасада — пасол Еўрасаюза ў Арменіі.

Дзірк Шубель некалькі разоў наведваў Мінск у якасці начальніка аддзела двухбаковых адносін з краінамі Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, апошні раз — у ліпені 2018 года. Ён узначальваў дэлегацыю Еўрасаюза падчас чарговага, пятага, раўнда дыялогу "Беларусь — ЕС" па правах чалавека.

Поўны тэкст інтэрв`ю публікуе інтэрнэт-газета БелаПАН Naviny.by.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН