Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/21/eu_1017657_123456/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:09
21.09.2019 09:38 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Новы кіраўнік прадстаўніцтва ЕС аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі: Будзе вельмі шмат працы

Мінск, 21 верасня. У сферы правоў чалавека ў Беларусі "нямногае пакуль змянілася ў лепшы бок", лічыць новы кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Дзірк Шубель, які прыбыў у Мінск 8 верасня.

"У апошнія некалькі гадоў у мяне была магчымасць узначальваць Дыялог па правах чалавека з Беларуссю, які мы аднавілі ў 2015 годзе. Паверце мне, я дастаткова добра ведаю сітуацыю з правамі ў Беларусі. Тут трэба яшчэ вельмі шмат працаваць, — сказаў ён у інтэрв'ю БелаПАН. — Але добрая навіна ў тым, што мы гаворым аб праблеме, абмяркоўваем яе. І я бачу больш адкрытасці да дыялогу з боку ўлад, што раней было не заўсёды".

Шубель нагадаў, што з 2016 года праводзяцца рэгулярныя сустрэчы Каардынацыйнай групы Беларусь — ЕС. Пасяджэнні праходзяць двойчы на год і "не абмінаюць увагай тэму дэмакратыі і правоў чалавека". "А на некаторых з гэтых сустрэч дадзеныя пытанні ішлі першымі на парадку дня. Усё гэта сведчыць аб тым, што мы не забываемся пра гэтыя важныя пытанні", — дадаў Шубель.

"Я таксама хачу запэўніць, што пытанні правоў чалавека і дэмакратыі будуць адыгрываць важную ролю і для мяне асабіста падчас працы ў Беларусі. І я без ваганняў буду падымаць іх у час розных сустрэч. Спадзяюся, мы здолеем дамагчыся прагрэсу па гэтых пытаннях за час маёй працы тут", — сказаў ён.

Кажучы пра стан адносін паміж Беларуссю і ЕС, новы кіраўнік прадстаўніцтва адзначыў, што калі параўноўваць сённяшні дзень і сітуацыю 2014 года і раней, то відавочна — "пройдзены доўгі шлях".

"Такіх інтэнсіўных кантактаў паміж ЕС і Беларуссю яшчэ не было за ўсю гісторыю незалежнасці Беларусі. І гэта вельмі добра, але мы можам зрабіць значна больш, — лічыць Шубель. — За шматгадовы вопыт працы з краінамі вашага рэгіёну я зразумеў, што адно слова тут мае вельмі вялікае значэнне (магчыма, нават большае, чым у нашай, больш заходняй частцы Еўропы), гэтае слова — стабільнасць. І я магу запэўніць вас, што палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі стабільная — яна не мянялася раней і не зменіцца ў будучыні. Гэта датычыцца і тых каштоўнасцяў, якія мы ў ЕС лічым важнымі. Правы чалавека і дэмакратыя ўзначальваюць гэты спіс".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН